Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́ЖАЕ ВО́ЗЕРА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Ашмянка, за 14 км на ПнЗ ад г. Смаргонь. Пл. 0,65 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 650 м, даўж. берагавой лініі 2,98 км. Схілы катлавіны выш. 12—15 м, пад хмызняком, на У разараныя. На Пн і Пд да возера прымыкае балота. Берагі на З і У зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае. Праз возера цячэ невялікая рэчка.

т. 13, с. 492

РЫЖА́К (Camelina),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды Р.: бурачковы (C. alyssum), драбнаплодны (C. microcarpa), пасяўны, нар. назва рыжы лён (C. sativa), румелійскі (C. rumelica). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, радзей на палях як пустазелле. У культуры — Р. пасяўны.

Азімыя і яравыя аднагадовыя расліны выш. 30—120 см. Сцёблы тонкія, галінастыя, голыя або апушаныя. Ніжняе лісце чаранковае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, светла-жоўтыя, у гронках. Плод — стручочак. У насенні 25—46% алею, які выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і мылаварнай вытв-сці. Алейныя, тэхн., лек. і кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рыжак.

т. 13, с. 492

РЫЖАНКО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.​М.​Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.​Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.​Занковічам і Л.​Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.​Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.​Заспіцкім, І.​Міско, арх. А.​Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.​П.​Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.​Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.​А.​Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.​В.​Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.

Э.​А.​Петэрсон.

М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.​Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. Арх. В.​Занковіч, Л.​Левін.

т. 13, с. 492

РЫЖАНКО́Ў (Ягор Васілевіч) (20.4.1923, в. Дуброўка Невельскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 4.10.1988),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1974), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1954), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1959). З 1959 у Мінскай вышэйшай парт. школе (у 1973—86 прарэктар). У 1986—88 у Бел. НДІ эканам. праблем аграпрамысл. комплексу. Навук. працы па праблемах эканам. і сац. развіцця, эфектыўнасці і рэнтабельнасці с.-г. вытв-сці.

Тв.:

Валовой и чистый доход колхозов. М., 1969;

Рентабельность производства и накопление в колхозах. М., 1972;

Все для блага человека. Мн., 1982.

т. 13, с. 492

РЫЖА́ЎКА,

урочышча ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на месцы б. вёскі Рыжаўка, жыхары якой у 1930-я г. былі расселены ў калгасы; месца масавай загубы яўрэяў у Вял. Айч. вайну. За 4 км на З ад Дзяржынска, 2 км ад чыг. ст. Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Сюды па пракладзенай ням. фашыстамі чыгунцы Койданава—Станькава з ліст. 1941 да кастр. 1943 эшалонамі (да 40 таварных вагонаў кожны) прывозілі яўрэяў з Берліна, Брэмена, Брэслаў, Гамбурга, Гановера, Кёльна, Штутгарта (Германія), Брно, Прагі (Чэхаславакія), Варшавы, Вены і інш. гарадоў Зах. Еўропы. У ахвяр забіралі каштоўнасці і распранутых расстрэльвалі на краі ям, потым падпальвалі. Паводле ням. крыніц, толькі 1—3.3.1942 было расстраляна 3412 чал. У 10 магілах (даўж. 13—15, шыр. 4—5, глыб. 3 м) у кастр. 1944 выяўлены астанкі 10 541 чал. На месцы масавага расстрэлу помнік.

Літ.:

Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. материалов и док. Мн., 1995.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 493

РЫ́ЖКАВІЧЫ,

вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Шклоў. Цэнтр сельсавета. За 2 км на ПдУ ад горада і 4 км ад чыг. ст. Шклоў, 28 км ад Магілёва. 607 ж., 262 двары (2001). Камбінат буд. матэрыялаў і вырабаў. Бібліятэка.

т. 13, с. 493

РЫЖКО́ВА (Ганна Паўлаўна) (29.8.1925, в. Войлева Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 21.4.1993),

бел. актрыса эстрады. Засл. арт. Беларусі (1970). Вучылася ў Рэсп. тэатр. вучылішчы (1938—41, педагог Е.Міровіч) у Мінску. З 1945 працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1949 у Віцебскім абл. Доме нар. творчасці, з 1961 актрыса размоўнага жанру Белдзяржфілармоніі. Шырока прапагандавала бел. паэзію, выконвала фельетоны і гумарэскі нац. аўтараў. У рэпертуары былі эстрадна-паэт. спектаклі «Як жывеш, чалавек?» і «Калі ласка», праграма «Край паэтаў» (прысвечана Я.​Купалу і Я.​Коласу), творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Крапівы, М.​Танка, П.​Панчанкі, Э.​Агняцвет, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, Е.​Лось, П.​Макаля, Н.​Тулупавай і інш.

Л.​У.​Міхалевіч.

т. 13, с. 493

РЫЖКО́Ў (Генадзь Паўлавіч) (н. 20.10.1940, г. Уладзікаўказ, Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў. Канд. тэхн. н. (1969), праф. (1994). Скончыў Горкаўскі політэхн. ін-т (1963). З 1979 у Віцебскім тэхнал. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па аўтам. кантролі і рэгуляванні параметраў тэхнал. працэсаў. Распрацаваў асновы тэорыі рэзанансных вымяральных пераўтваральнікаў, метады пабудовы магнітавымяральных прыстасаванняў, устаноўкі для кантролю магнітных параметраў фераматэрыялаў.

Тв.:

Автоматический контроль магнитных параметров. М., 1971 (у сааўт.);

Резонансные измерительные преобразователи устройств автоматического контроля параметров технологических процессов и изделий. Мн., 1993.

т. 13, с. 493

РЫЖКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (н. 28.9.1929, с. Дылееўка Данецкай вобл., Украіна),

савецкі і расійскі дзярж. і парт. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн. ін-т (1959). З 1950 на прадпрыемствах г. Свярдлоўска (у 1971—75 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Уралмаш»). З 1975 1-ы нам. міністра цяжкага і трансп. машынабудавання СССР. У 1979—82 1-ы нам. старшыні Дзяржплана СССР. У 1982—85 сакратар ЦК, у 1985—90 чл. Палітбюро ЦК КПСС. У 1985—91 старшыня СМ СССР. З 1993 дэп. Дзярж. думы Расіі. Старшыня Выканкома Нар.-патрыят. саюза Расіі (з 1996). Аўтар кнігі «Перабудова: гісторыя здрадніцтваў» (1992).

т. 13, с. 493

Рыжкоўскі Уладзімір Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 444