РЫЖА́ЎКА,

урочышча ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на месцы б. вёскі Рыжаўка, жыхары якой у 1930-я г. былі расселены ў калгасы; месца масавай загубы яўрэяў у Вял. Айч. вайну. За 4 км на З ад Дзяржынска, 2 км ад чыг. ст. Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Сюды па пракладзенай ням. фашыстамі чыгунцы Койданава—Станькава з ліст. 1941 да кастр. 1943 эшалонамі (да 40 таварных вагонаў кожны) прывозілі яўрэяў з Берліна, Брэмена, Брэслаў, Гамбурга, Гановера, Кёльна, Штутгарта (Германія), Брно, Прагі (Чэхаславакія), Варшавы, Вены і інш. гарадоў Зах. Еўропы. У ахвяр забіралі каштоўнасці і распранутых расстрэльвалі на краі ям, потым падпальвалі. Паводле ням. крыніц, толькі 1—3.3.1942 было расстраляна 3412 чал. У 10 магілах (даўж. 13—15, шыр. 4—5, глыб. 3 м) у кастр. 1944 выяўлены астанкі 10 541 чал. На месцы масавага расстрэлу помнік.

Літ.:

Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. материалов и док. Мн., 1995.

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)