РЫЖАНКО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.М.Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.Занковічам і Л.Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.Заспіцкім, І.Міско, арх. А.Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.П.Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.А.Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.В.Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.К.Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Э.А.Петэрсон.
М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.Арх. В.Занковіч, Л.Левін.