Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫША́Р (Richard) П’ер [сапр. Дэфей

(Defays) П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд; н. 16.8.1934, г. Валансьен, Францыя], французскі акцёр, рэжысёр. Выступаў у кабарэ, мюзік-холах. У кіно з 1968. Стварыў вобраз добрага, невязучага, дзівакаватага героя ў фільмах «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (1972),

«Вяртанне высокага бландзіна» (1974), «Забаўка» (1977), «Укол парасонам» (1980), «Бацькі» (1984), «Уцекачы» (1986), «Налева ад ліфта» (1988), «Стары шэльма» (1992) і інш. Паставіў камедыі, у якіх іграў гал. ролі: «Рассеяны» (1970), «Я нічога не ведаю, але ўсё раскажу» (1973), «Я сарамлівы, але я лячуся» (1978), «Гэта не я, гэта ён» (1979) і інш. Зняўся ў Грузіі ў фільмах «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара» (1996), «Лета, або 27 згубленых пацалункаў» (2000). У 2001 гастраліраваў на Беларусі.

т. 13, с. 530

РЫ́ШТА, дракункулёз,

паразітарная (глісная) хвароба. Выклікаецца круглымі чарвямі (Dracunculus medinensis), якія паразітуюць у падскурнай і міжмышачнай злучальнай тканцы чалавека і жывёлы. Пашырана ў тропіках і субтропіках. Чалавек заражаецца пры ўжыванні вады з інвазійнымі весланогімі рачкамі — цыклопамі (прамежкавы гаспадар). Інкубацыйны перыяд 9—14 месяцаў. Аплодненая самка гельмінта мігрыруе ў падскурную клятчатку ног, на скуры ўтвараецца выпучванне, фарміруецца псеўдафурункул. Канчатковы гаспадар паразіта — чалавек, сабака, кот, леапард. Прыкметы: высыпка на скуры, падобная на крапіўніцу, моташнасць і інш. Лячэнне: мех. выдаленне паразіта, хіміятэрапія.

А.​А.​Астапаў.

т. 13, с. 530

РЫШТАВА́ННІ,

часовыя дапаможныя прыстасаванні (канструкцыі) для размяшчэння на неабходнай вышыні рабочых, інструментаў, матэрыялаў пры выкананні буд. і мантажных работ. Бываюць зборна-разборныя (інвентарныя стоечныя, падвесныя і інш.) і перасоўныя самаходныя. Робяцца з метал. труб з раздымнымі злучэннямі элементаў, са стальных стрыжняў і канатаў (струн), насцілаў, агараджэнняў. Прасцейшыя Р. — драўляны насціл на стойках.

Рыштаванні самаходныя ВА «Белкамунмаш».

т. 13, с. 530

РЫШТУ́НАК ваенны,

камплект прадметаў, неабходных ваеннаслужачаму для нашэння асабістай зброі, боепрыпасаў, сродкаў засцярогі, шанцавага інструменту, харч. запасаў і вады, асабістых рэчаў. Р. салдат і сяржантаў розных родаў войск і вайск. спецыяльнасцей уключае таксама прадметы, прызначаныя для пераноскі пэўнага віду зброі. Напр., у мотастралк. войсках Рэспублікі Беларусь ён складаецца з паяснога рэменя, плечавых лямак, сумак (для ручных гранат, магазінаў да аўтаматаў і ручных кулямётаў), чахлоў (для біклагі, малой рыдлёўкі, маслёнкі, ахоўных панчох і пальчатак); рэчавага мяшка, у які ўкладваюць плашч-палатку, кацялок, кубак, запас харчу і інш. У камплект Р. афіцэра ўключаюцца: партупея (паясны рэмень), палявая сумка, кабура для пісталета і інш. Гл. таксама Амуніцыя.

І.​А.​Шор.

т. 13, с. 530

РЫШЭ́ ((Richet) Шарль) (26.8.1850, Парыж — 4.12.1935),

французскі фізіёлаг і бактэрыёлаг. Чл. Парыжскай АН (1914, з 1932 віцэ-прэзідэнт, з 1933 прэзідэнт). Чл. Нац. акадэміі медыцыны (1898). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), з 1887 праф. фізіялогіі ў ім. Навук. працы па фізіялогіі стрававання, дыхання, тэрмарэгуляцыі, пытаннях імунітэту і сератэрапіі, лячэння эпілепсіі і туберкулёзу, псіхалогіі, мед. статыстыцы. Выявіў наяўнасць салянай к-ты ў страўнікавым соку. Сфармуляваў паняцце «пасіўны імунітэт» (1888). Апісаў рэакцыю арганізма на чужародны бялок (1902) і ўвёў тэрмін «анафілаксія». Нобелеўская прэмія 1913.

А.​Ю.​Маніна.

Ш.Рышэ.

т. 13, с. 530

РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі

(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),

французскі дзярж, і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн. Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.

Літ.:

Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг. Л., 1982;

Черкасов П.П. Кардинал Ришелье. М., 1990;

Кнехт Р.​Дж. Ришелье: Пер. с англ. Ростов н/Д;

М., 1997.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Кардынал Рышэльё.

т. 13, с. 530

РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Эмануэль дзю Плесі

(du Plessis; на рас. службе Эмануіл Восіпавіч; 14.9.1766, Парыж — 17.5.1822),

французскі і рас. дзярж. дзеяч, герцаг. У пач. Франц, рэвалюцыі эмігрыраваў (1789) у Расію. У 1790 удзельнічаў у Крымскай кампаніі на чале з А.​В.​Суворавым, атрымаў чын ген.-лейтэнанта. У 1793—94 у складзе кааліцыйных войск ваяваў супраць рэв. Францыі. З 1803 граданачальнік Адэсы, у 1805—14 ген.-губернатар Новарасійскага краю. Садзейнічаў гасп. асваенню і засяленню Паўн. Прычарнамор’я. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў з 1814 у Францыі; першы міністр ва ўрадзе Людовіка XVIII (1815—18, 1820—21). Пры падтрымцы рас. імператара Аляксандра І дамогся некат. змякчэння на карысць Францыі Парыжскага мірнага дагавора, скарачэння памераў кантрыбуцыі і колькасці (у 1817) акупацыйных войск у Францыі. На Ахенскім кангрэсе «Свяшчэннага саюза» (1818) дамогся поўнага спынення акупацыі Францыі. У г. Адэса яму пастаўлены помнік (1828).

т. 13, с. 531