Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫЕ́ГА-І-НУ́НЬЕС ((Riego у Nuñez) Рафаэль дэ) (24.10.1785, Санта-Марыя-дэ-Тунья, Іспанія — 7.11.1823),

палітычны і ваен. дзеяч Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Ген. (1820). Скончыў ваен. школу ў Аўеда. Удзельнік вайны з Францыяй 1808—14; узяты ў палон, знаходзіўся ў Францыі, дзе стаў масонам. У 1814 вярнуўся на радзіму, звязаўся з ісп. масонамі і афіцэрамі — праціўнікамі абсалютысцкага рэжыму караля Фердынанда VII. Удзельнік няўдалай ваен. змовы 9.6.1819. Камандаваў батальёнам, 1.1.1820 узняў яго на паўстанне, што стала пачаткам рэвалюцыі 1820—23; абвясціў аднаўленне Кадыскай канстытуцыі 1812, на чале 1,5-тысячнага атрада дзейнічаў у прав. Андалусія. З сак. 1820 камандзір дывізіі ў Арміі назірання, створанай з андалусійскіх рэв. войск, у чэрв.жн. 1820 галоўнакаманд. гэтай арміяй. Адзін з лідэраў леваліберальнай партыі «эксальтадас». За пратэст супраць роспуску арміі назірання сасланы ўрадам памяркоўных лібералаў («мадэрадас») на Пн краіны. У студз. 1821 па патрабаванні «эксальтадас» прызначаны ген.-капітанам Арагона (да 29.8.1821). 31.3.1822 першы прэзідэнт мадрыдскіх картэсаў. У ліп. 1822 кіраваў задушэннем абсалютысцкага мяцяжу ў Мадрыдзе. У час франц. інтэрвенцыі 1823 каманд. рэв. арміяй у Андалусіі; быў разбіты, схоплены абсалютыстамі і пакараны смерцю ў Мадрыдзе.

т. 13, с. 491

РЫЕ́КА (Rijeka),

горад у Харватыі, на беразе Рыжскага зал. Адрыятычнага мора. Вядомы з пачатку н.э. З прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (2000). Гал. порт краіны, абслугоўвае часткова Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., маторабуд., нафтаперапр., хім., дрэваапр., папяровая, гарбарна-абутковая, харчасмакавая. Вышэйшыя марская і пед. школы, філіялы Заграбскага ун-та. Музеі. Захавалася стараж. забудова горада (15—18 ст.), рамана-гатычны сабор (перабудаваны ў 17—18 ст.), барочная царква св. Віта (1638—1742), гар. вежа (15—18 ст.).

т. 13, с. 491

РЫЕ́НЦА (Rienzo) Кола ды [сапр. Габрыні (Cabrini) Нікола ды Ларэнца 1313—8.10.1354], італьянскі паліт. дзеяч. Паводле адукацыі натарыус. З 1334 жыў у Рыме, вывучаў ант. помнікі і л-ру. Падзяляў гуманіст. погляды Ф.Петраркі, марыў аднавіць дзярж. лад стараж. Рым. рэспублікі і былую веліч Рыма; у прамовах выкрываў беззаконні феад. магнатаў, якія апанавалі Рым у час авіньёнскага паланення папаў. Пасля перамогі нар. паўстання (май 1347) і абвяшчэння Рым. рэспублікі Р. абраны яе нар. трыбунам (кіраўніком). Ён адабраў у феадалаў замкі, упарадкаваў падаткі, скасаваў мытныя пошліны, 1.8.1347 абвясціў аднаўленне правоў рым. народа, а Рым — сталіцай свету. У снеж. 1347 скінуты феад. клікай Калона і ўцёк. У 1350 арыштаваны архіепіскапам Прагі (шукаў там падтрымкі імператара Карла IV) і зняволены ў папскай турме Авіньёна (Францыя); у 1352 адлучаны ад царквы. Новы папа Інакенцій IV выкарыстаў Р. для аднаўлення сваіх правоў у Папскай вобласці і накіраваў яго туды ў канцы 1353 з паліт. місіяй. 1.8.1354 Р. з дапамогай наёмнікаў увайшоў у Рым і зноў узначаліў Рым. рэспубліку. Аднак павелічэнне падаткаў, праведзенае Р. з мэтай забяспечыць утрыманне наёмных войск для барацьбы з феадаламі, і тыранічныя метады яго кіравання выклікалі нар. паўстанне 8.10.1354, у час якога ён забіты.

т. 13, с. 491

РЫЕ́Р (Якаў Рыгоравіч) (н. 21.3.1947, Мінск),

бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). З 1969 працаваў у Магілёўскім абл. краязнаўчым музеі, з 1975 у Магілёўскім ун-це. Распрацоўвае праблемы сярэдневяковай вёскі ўсх. і цэнтр. Еўропы. Абследаваў археал. помнікі Магілёўскай вобл., кіраваў раскопкамі паселішча і могільніка 10—16 ст. каля г. Чавусы.

Тв.:

Природная среда и система сельского расселения в Восточной Белоруссии в X—XIII вв. // Методы естественных наук в археологии. М., 1987;

Древнерусская деревня в археологических исследованиях // Тр. V Междунар. конгресса археологов-славистов. Киев, 1988. Т. 2;

Становление феодальных отношений у западных славян в свете археологических данных // Вопр. истории. 1988. № 10;

Очерки истории средневековых цивилизаций. Могилев, 1997.

т. 13, с. 492