Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫБААХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

тэхнічныя канструкцыі для прадухілення траўміравання і гібелі рыбы ў месцах водазабору, каля гідратэхн. збудаванняў (напр., помпавых станцый). Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на мех., гідраўлічныя і фізіялагічныя. Механічныя ў выглядзе жалюзі, сетак, сеткавых барабанаў, конусаў з рыбаадводамі ствараюць перашкоды на шляху перамяшчэння рыб. У гідраўлічных Р.з. струмень накіроўвае рыб у бяспечны бок ад гідратэхн. збудаванняў. У фізіялагічных Р.з. выкарыстоўваюць адпужвальныя раздражняльнікі (эл., светлавыя, гукавыя сігналы і інш.). Эфектыўнасць Р.з. да 80%. На Беларусі найб. пашыраны мех. Р.з., на водазаборах тэхн. водазабеспячэння часцей выкарыстоўваюцца сеткавыя барабаны, на пітных водазаборах — касетна-гравійныя фільтры.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 480

РЫБАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.

На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс. т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс. га, садкоў 20 тыс. м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс. га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш. Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс. т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац. АН Беларусі.

Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн. т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.

т. 13, с. 480

РЫБАГАДАВА́ЛЬНІК,

няпоўнасістэмная сажалкавая і азёрная рыбная гаспадарка, у якой разводзяць і гадуюць моладзь каштоўных відаў рыб для дарошчвання яе да таварнай масы ў натуральных і штучных вадаёмах. На Беларусі ў 1980-я г. працавала 9 Р. з агульнай пл. выроставых сажалак 518 га. У 2000 моладзь рыб вырошчвалася ў Р. «Багушэўскім», «Шэметава», «Наўліца». Р. ёсць у складзе большасці поўнасістэмных сажалкавых рыбных гаспадарак. Гадуюць рыбапасадачны матэрыял (сяголеткаў, гадавікоў, двухгадовікаў) карпа, сазана, карася сярэбранага і інш. Гл. таксама Рыбаводства.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 481

РЫБА́К (Алесь) (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё. У 1966—72 у сакратарыяце Прэзідыума Вярх. савета СССР, адначасова выкладаў бел. мову ў Літ. ін-це імя М.​Горкага. З 1972 нам. адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Аўтар зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), рамана «Трэба было жыць» (1990), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).

Тв.:

Што пасееш...: Аповесць, апавяданні. Мн., 1982.

т. 13, с. 481

РЫБА́К (Натан Самойлавіч) (3.1.1913, с. Іванаўка Новаархангельскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 11.9.1978),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім хіміка-тэхнал. ін-це (1929—31). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў вершаў «Краіна працы» (1932), «Рабочы дзень» (1934), раманаў «Кіеў» (1936), «Дняпро» (кн. 1—2, 1937—38), «Памылка Анарэ дэ Бальзака» (1940, экранізацыя 1969), «Час спадзяванняў і здзяйсненняў» (ч. 1—3, 1960—65), «Салдаты без мундзіраў» (1968), эпапеі «Пераяслаўская рада» (т. 1—2, 1948—53), п’ес, зб-каў апавяданняў, у т. л. для дзяцей. На бел. мову асобныя творы Р. пераклаў М.​Лужанін. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Бел. пер. — Пераяслаўская рада. Т. 1—2. Мн., 1954—55;

Рус. пер. — Солдаты без мундиров. М., 1970;

Пора надежд и свершений. Кн. 1—2. М., 1972.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 481

РЫБА́К (Ульян Аляксандравіч) (н. 1.1.1920, в. Яўсеевічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Ленінградскім, Варонежскім, Цэнтр., 1-м і 4-м Укр. франтах. Пам. камандзіра разведвальнага ўзвода старшына Р. вызначыўся ў 1944 у час разведкі сіл праціўніка ў Карпатах; за час вайны ўзяў 57 «языкоў», знішчыў 10 варожых танкаў. У 1945—85 у нар. гаспадарцы.

У.А.Рыбак.

т. 13, с. 481

РЫБАКО́Ў (Анатоль Навумавіч) (14.1.1911, г. Чарнігаў, Украіна — 23.12.1998),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў транспарту (1934). У 1933—36 рэпрэсіраваны. Прыгодніцкая трылогія для юнацтва «Корцік» (1948, экранізацыя 1954), «Бронзавая птушка» (1956, экранізавана), «Стрэл» (1975, фільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974) пра падзеі грамадз. вайны і нэпа. Раманы «Вадзіцелі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і «Кацярына Вароніна» (1955, аднайм. фільм 1957) на вытв. тэму. У трылогіі «Дзеці Арбата» (1987), «Страх» (1990), «Прах і попел» (1994) праз лёсы пакалення 1930-х г. паказаны час «культу асобы». Аўтар трылогіі для юнацтва «Прыгоды Кроша» (1960, аднайм. фільм 1962), «Канікулы Кроша» (1966) і «Невядомы салдат» (1970), раманаў «Лета ў Сасняках» (1964), «Цяжкі пясок» (1978), аўтабіягр. «Рамана-ўспаміну» (1997) і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову аповесць «Корцік» пераклаў У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981—82;

Избр. произв.: В. 3 т. Т. 1—2. М., 1991;

Тяжелый песок. М., 2000;

Дети Арбата. М., 2000;

Страх. М., 2000;

Прах и пепел. М., 2000;

Бел. пер. — Вадзіцелі. Мн., 1953;

Корцік. Мн., 1959.

Літ.:

Старикова Е. А.​Рыбаков. М., 1977;

С разных точек зрения: «Дети Арбата» Анатолия Рыбакова. М., 1990.

т. 13, с. 481

РЫБАКО́Ў (Барыс Аляксандравіч) (н. 21.5.1908, Масква),

расійскі археолаг, гісторык. Акад. АН СССР (1958) і замежных АН, ганаровы д-р Ягелонскага ун-та ў Кракаве (1964), чл. выканкома Міжнар. саюза дагіст. і протагіст. навук (з 1958), Міжнар. к-та славістаў (з 1963). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930), з 1943 праф. гэтага ун-та. З 1956 дырэктар Ін-та археалогіі, у 1973—75 акад.-сакратар Аддзялення гісторыі АН СССР. Асн. працы па сацыяльна-эканам. і паліт. гісторыі ўсх. славян і Стараж. Русі, гісторыі стараж.-рускага рамяства і культуры, язычніцтве, метралогіі, эпіграфіцы, летапісанні, нар. эпасе і інш. Пры выяўленні слядоў архаічнасці і дагіст. культаў славян выкарыстоўваў бел. фальклорны і этнагр. матэрыял. Займаўся важнай для сярэдневяковай гісторыі Беларусі тэмай радзімічаў. Ленінская прэмія СССР 1976. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1952.

Тв.:

Ремесло Древней Руси. М., 1948;

Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;

Русские датированные надписи XI—XIV вв. М., 1964;

Язычество древних славян. М., 1981;

Киевская Русь и русские княжества XII—XIII вв. М., 1982;

Язычество Древней Руси. М., 1987.

т. 13, с. 481

РЫБАКО́Ў (Мікалай Хрысанфавіч) (19.5.1811, г. Курск, Расія — 27.11.1876),

рускі акцёр. На сцэне з 1826. У 1833—41 у трупах Харкава, потым у т-рах пераважна Пд Расіі. Адзін з рэфарматараў правінцыяльнай сцэны. З 1872 у Маскве. Шмат выступаў у меладрамах, імкнуўся ўнесці ў іх праўду і дух бунтарства: Бідэрман, Ніна («Смерць і гонар», «Угаліна» М.​Палявога), Кін («Кін, або Шалапуцтва і геній» А.​Дзюма-бацькі) і інш. Прапагандыст рус. класічнага рэпертуару і драматургіі А.​Астроўскага. Сярод роляў: Чацкі, Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Брускоў, Кураслепаў, Нешчасліўцаў («З чужога шалу галава круціцца», «Гарачае сэрца», «Лес» Астроўскага), Прастакоў, Скацінін («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля), Вырын, Млынар («Станцыйны даглядчык», «Русалка» А.​Пушкіна) і інш.

Літ.:

Клинчин А. Н.​Х.​Рыбаков. М., 1972.

т. 13, с. 482

РЫБА́ЛКА (Баляслаў Міхайлавіч) (13.11.1928, с. Серабранка Арцёмаўскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 13.9.1989),

бел. трэнер (барацьба вольная). Засл. трэнер Беларусі (1961). Засл. трэнер СССР (1964). Суддзя міжнар. катэгорыі. Канд. пед. навук (1968), праф. (1973). Скончыў Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1951, Масква). З 1951 у Бел. ін-це фіз. культуры (у 1967—89 заг. кафедры, у 1968—70 прарэктар). У 1969—72 гал. трэнер зборнай каманды СССР па вольнай барацьбе — пераможцы XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія). Сярод выхаванцаў — А.Мядзведзь, чэмпіён СССР У.​Лятун.

Тв.:

Борьба вольная и классическая. Мн., 1960 (разам з М.​Ш.​Мірскім, П.​В.​Грыгор’евым);

Силовая подготовка борца. Мн., 1971.

т. 13, с. 482