тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.
На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс.т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс.га, садкоў 20 тыс.м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс.га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш.Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс.т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац.АН Беларусі.
Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн.т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.