Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫЧ ((Rich) Вера) (н. 24.4.1936, Лондан),

англійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Оксфардскі ун-т (1958). З бел. мовы перакладае з 1960-х г. Пераклала зб. «Як вада, як агонь: Анталогія беларускай паэзіі з 1828 г. да сённяшняга дня» (1971), дзе апубл. творы 41 бел. аўтара. Пераклады паасобных твораў М.​Багдановіча, З.​Бядулі, А.​Гаруна ў кн. «Снуецца зданяў рой» (1982). Пераклала паэму «Тарас на Парнасе», усе санеты Я.​Купалы. Яе пераклады адметныя дакладнай перадачай зместу і формы арыгінала. Аўтар многіх артыкулаў пра бел. л-ру. Перакладае таксама са стараангл., старанарвежскай, польскай, рус., укр. моў.

т. 13, с. 528

РЫЧА́Г,

цвёрдае цела, здольнае паварочвацца вакол фіксаванай восі пад дзеяннем сіл, перпендыкулярных да восі вярчэння. Адзін з найпрасцейшых механізмаў (разам з колам і вінтом). Вядомы з глыбокай старажытнасці. Тэорыя раўнавагі Р. пад дзеяннем сіл цяжару распрацавана Архімедам. Пры дзеянні некалькіх сіл раўнавага Р. дасягаецца пры ўмове, што сума момантаў гэтых сіл раўняецца нулю (гл. Момант сілы). Шырока выкарыстоўваецца ў якасці элемента канструкцый механізмаў і машын.

Рычаг «дошка-арэлі»: 1 — груз; 2 — пункт апоры; 3 — прыкладзеная сіла.

т. 13, с. 528

РЫЧАГО́Ў (Рыгор Пятровіч) (н. 10.4.1944, г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1989), праф. (1993). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1969). З 1990 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па хірург. гастраэнтэралогіі, агульнай хірургіі, малаінвазійных тэлеэндавідыё- і лазерных тэхналогіях.

Тв.:

Прогнозирование и профилактика, послеоперационных осложнений в хирургии язвенной болезни. Душанбе, 1991;

Ошибки, опасности и осложнения в желудочной хирургии. Мн., 1993;

Методы наложения повязок при травмах и некоторых заболеваниях. Мн., 1996 (разам з А.​М.​Няхаевым).

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Дзікінсан) (30.10.1895, г. Орындж, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.2.1973),

амерыканскі кардыёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Іельскі (1917) і Калумбійскі (1922) ун-ты. У 1945—61 кіраўнік мед. аддзела ў шпіталі Белв’ю ў Нью-Йорку. Навук. працы пра дзейнасць сэрца ва ўмовах траўматычнага шоку, па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў даследавання функцый сэрца і лёгкіх у норме і паталогіі; адзін з аўтараў метаду катэтарызацыі сэрца. Нобелеўская прэмія 1956 (разам з А.Ф.Курнанам, В.Форсманам).

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Рычард) (н. 24.8.1946, г. Кі-Уэст, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 3-га рангу. З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 8—13.8.1989 на КК «Калумбія» (як пілот), 6—10.10.1990 на КК «Дыскаверы», 25.6—9.7.1992 на КК «Калумбія» і 9—20.9.1994 на КК «Дыскаверы» (як камандзір). Правёў у космасе 34,2 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Дз.Рычардс.

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДС ((Richards) Тэадор Уільям) (31.1.1868, г. Джэрмантаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 2.4.1928),

амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі ун-т у Кеймбрыджы (1888, д-р філасофіі), дзе і працаваў з 1889 (з 1901 праф.). Навук. працы па вызначэнні і ўдакладненні атамных мас хім. элементаў. Распрацаваў новую методыку і апаратуру, пры дапамозе якой з вял. дакладнасцю вызначыў атамныя масы 25 хім. элементаў (1888—1923). Эксперыментальна пацвердзіў законы электролізу Фарадэя (1902). Даказаў існаванне ізатопаў: вызначыў, што атамныя масы свінцу, атрыманага з уранавых і з торыевых руд, розныя. Нобелеўская прэмія 1914.

Т.Рычардс.

т. 13, с. 528

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Генры Хобсан) (29.9.1838, Сент-Джэймс, ЗША — 27.4.1886),

амерыканскі архітэктар. Скончыў Гарвардскі ун-т у г. Кеймбрыдж (ЗША; 1859), Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1860—65). З 1865 працаваў у Нью-Йорку, з 1874 — у г. Бруклін. Па-майстэрску выкарыстоўваў формы раманскага стылю для стварэння рамантычна-эфектных пабудоў, тонка ўпісаных у прыроднае асяроддзе: царква Трыніты-чэрч у г. Бостан (1873—77), асабняк Эймс-гейт-лодж у г. Норт-Істан (1880—81) і інш. Лепшыя работы Р., адметныя строгай тэктанічнасцю кампазіцыі, дакладнай функцыян. арг-цыяй (будынак суда і турмы графства Алегейні ў г. Пітсбург, 1884—88; магазін «Маршал Філд» у г. Чыкага, 1885—87, не захаваўся), заклалі аснову рацыяналістычнага кірунку ў архітэктуры ЗША. Пачынальнік т.зв. гонтавага стылю кампактных і камфартабельных драўляных жылых дамоў (Браент-хаўс у г. Кохасет, штат Масачусетс, 1880; Стаўтан-хаўс у Кеймбрыджы, 1882—83).

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Оўэн Уіланс) (26.4.1879, г. Дзьюсберы, Вялікабрытанія — 15.2.1959),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1913). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1900). З 1900 у Кавендышскай лабараторыі, з 1906 у Прынстанскім, з 1914 у Лонданскім ун-тах. Навук. працы па тэрмаэлектроннай эмісіі, электроннай і квантавай тэорыях, магнетызме, спектраскапіі, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў і інш. Адкрыў тэрмаэлектронную эмісію (эфект Р.), устанавіў залежнасць шчыльнасці яе току ад т-ры паверхні металу (1901, формула Р.—Дэшмана). Эксперыментальна праверыў закон максвелаўскага размеркавання малекул па скарасцях (1908) і ўраўненне Эйнштэйна для фотаэфекту (1912). Нобелеўская прэмія 1928.

О.Рычардсан.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Роберт Коўлман) (н. 26.6.1937, Вашынгтон),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1986). Замежны чл. Фін. акадэміі навук і л-ры (1993). Скончыў Віргінскі політэхн, ін-т (1960), ун-т Дзюка (г. Дархэм, штат Паўн. Караліна; 1966). З 1966 у Корнелскім ун-це (з 1975 праф.). Навук. працы па эксперым. фізіцы нізкіх тэмператур, вывучэнні ўласцівасцей вадкасцей і цвёрдых цел пры звышнізкіх т-рах. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.М.Лі, Д.​Дз.Ошэрафам; 1972). Нобелеўская прэмія 1996 (з Лі і Ошэрафам).

Тв.:

Рус. пер. — Эффект Померанчука // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Рычардсан.

т. 13, с. 529

РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Сэмюэл) (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),

англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ) і на псіхал, лінію рамана 19 ст.

Літ.:

Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;

Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ. М., 1966.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 529