РЫ́ЧАРДС ((Richards) Тэадор Уільям) (31.1.1868, г. Джэрмантаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 2.4.1928),
амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі ун-т у Кеймбрыджы (1888, д-р філасофіі), дзе і працаваў з 1889 (з 1901 праф.). Навук. працы па вызначэнні і ўдакладненні атамных мас хім. элементаў. Распрацаваў новую методыку і апаратуру, пры дапамозе якой з вял. дакладнасцю вызначыў атамныя масы 25 хім. элементаў (1888—1923). Эксперыментальна пацвердзіў законы электролізу Фарадэя (1902). Даказаў існаванне ізатопаў: вызначыў, што атамныя масы свінцу, атрыманага з уранавых і з торыевых руд, розныя. Нобелеўская прэмія 1914.