Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́НАК,

1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССР найб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.

2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.

Літ.:

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Э. Рынок: Микроэкон. модель: Пер. с англ. СПб., 1992;

Березин И.С. Маркетинг и исследования рынков. М., 1992.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 514

РЫНА́ЛЬДЗІ ((Rinaldi) Антоніо) (каля 1710—10.4.1794),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Л.Ванвітэлі. З 1751 працаваў у Расіі, у 1756—90 прыдворны архітэктар. Збудаванні Р. адлюстроўвалі пераход ад складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і пластычнага багацця дэталей архітэктуры барока (палацы Пятра III, 1758—62, Кітайскі, 1762—74, у г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.), мудрагелістай дэкаратыўнасці ракако (інтэр’еры Кітайскага палаца) да характэрных класіцызму стрыманага вонкавага аблічча будынкаў, прастаты чляненняў і выразнасці аб’ёмаў (палацы Гатчынскага палацава-паркавага ансамбля, Мармуровы ў Пецярбургу, 1768—85). Работы Р. адметныя высокім майстэрствам унутр. аддзелкі, увядзеннем у арх. кампазіцыю жывапісных і скульпт, пано.

т. 13, с. 515

РЫНАПЛА́СТЫКА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + plastikē фарміраванне],

пластычная аперацыя аднаўлення носа пры яго дэфармацыі і розных дэфектах. Адрозніваюць Р. касметычную, татальную і субтатальную. Касметычныя пластычныя аперацыі робяць пры прыроджаных або набытых дэфармацыях (празмерна вял. памеры носа ці яго асобных ч., напр., пры рынафіме; скрыўленне або асіметрыя носа). Татальную Р. праводзяць пры поўных дэфектах носа рознага паходжання, субтатальную — пры частковых дэфектах (яго касцявога або храстковага аддзелаў, крылаў і інш.).

т. 13, с. 515

РЫНАСКАПІ́Я [ад грэч. rhis (rhinos), нос + skopeō гляджу],

даследаванне поласці носа (агляд яе сценак) пры розных захворваннях.

т. 13, с. 515

РЫНАСПАРЫДЫЁЗ,

хранічны мікоз жывёл і чалавека, які выклікае грыб рынаспарыдыум. У жывёл праяўляецца паліпознымі разрастаннямі на слізістай абалонцы поласці носа. На Р. хварэюць буйныя рагатыя жывёлы, коні, сабакі. Заражэнне аэрагеннае, пылавымі часцінкамі глебы і інш. У чалавека Р. бывае на слізістай абалонцы носа, гартані, вачэй, магчыма пашкоджанне ўнутр, органаў. Узбуджальнік трапляе ў арганізм праз пашкоджаныя слізістыя абалонкі. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],

хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

РЫ́НАЧНАЯ ВА́РТАСЦЬ,

вартасць тавараў і паслуг, у т. л. біржавых тавараў, фондавых каштоўнасцей і валюты, у кожны канкрэтны момант на рынку. Вызначацца на аснове попыту і прапаноў.

т. 13, с. 515

РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,

сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 515

РЫ́НАЧНЫЯ ЦЭ́НЫ, раўнаважныя цэны,

цэны на тавары і паслугі, якія фарміруюцца пад уздзеяннем законаў попыту і прапаноў. У адрозненне ад дзярж. фіксаваных цэн Р.ц. складваюцца без непасрэднага ўмяшання дзярж. органаў. Дынаміка Р.ц. адлюстроўвае кан’юнктуру рынку, забяспечвае раўнавагу паміж попытам і прапановамі, прадухіляе дэфіцыт ці перавытворчасць тавараў і паслуг. Працэс пераходу ад дзярж. фіксаваных цэн да Р.ц. называюць лібералізацыяй цэн.

т. 13, с. 515

РЫНГ (англ. ring) баксёрскі, пляцоўка для правядзення паядынкаў па боксе. Мае квадратную форму, даўж. бакоў ад 4,9 м да 6,1 м, абмежаваных радамі канатаў або тросаў, нацягнутых паміж вуглавымі стойкамі. Падлога Р. ўкрыта мяккім насцілам з няслізкай паверхняй. Звычайна Р размешчаны на памосце, выш. 0,75—1,25 м з даўж. бакоў да 10 м. Канструкцыя Р. паходзіць з 1838, калі зацверджаны правілы «Лонданскага прызавога бокса».

А.​У.​Дзмітрыеў.

т. 13, с. 515