Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫХЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

механічнае ўздзеянне на глебу, якое змяняе ўзаемнае размеркаванне глебавых асобнасцей. Праводзяць з дапамогай плугоў, лушчыльнікаў, фрэзаў, ратацыйных матык і інш. для памяншэння шчыльнасці глебы і хуткасці выпарэння з яе вільгаці, павелічэння глебавай паветра- і водапранікальнасці, узмацнення біял. актыўнасці і назапашвання пажыўных рэчываў, знішчэння паверхневай глебавай скарынкі (найб. рыхлення патрабуюць цяжкія глебы, якія былі асушаны).

Л.​В.​Круглоў.

т. 13, с. 524

РЫХЛІ́ЦЕЛЬ,

машына (прылада) для рыхлення цяжкіх, камяністых, зляжалых і мёрзлых грунтоў з мэтай аблягчэння наступнай работы землярыйна-трансп. машын. Выкарыстоўваюцца пры пракладцы каналаў, траншэй, буд-ве дамбаў, дарог; для выдалення з грунту каранёў, пнёў, камянёў пасля работы карчавальніка; для разбурэння старых дарожных пакрыццяў; у горнай справе — для раскрыўных работ. Бываюць агульнага (з 3—5 зубамі) і спец. (з 1, часам 2—3 зубамі) прызначэння, гусенічныя і колавыя з гідраўлічнымі або канатнымі механізмамі кіравання, навясныя і прычапныя да гусенічных і колавых трактароў, пасіўнага і актыўнага (з вібрацыйным рабочым органам) дзеяння.

Р. пасіўнага дзеяння — мнагастоечныя (для суцэльнага рыхлення) і аднастоечныя (для паласавога рыхлення і рыхлення-кратавання). Р.-кратавальнік робіць кротавую кратовую* дрэну і адначасова рыхліць глебу (на глыбіню да 1,2 м). Рабочы орган — нож з лемехам і дрэнер (гл. Кратавальнік). Меліярац. навясны Р. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства выкарыстоўваюць для суцэльнага або паласавога аб’ёмнага рыхлення глебагрунтоў цяжкага мех. саставу (глыбіня рыхлення 1,3 м). Грунт, прамерзлы да 0,7 м, рыхляць трактарнымі навяснымі або прычапнымі Р. Разбурэнне мёрзлага грунту без парушэння суцэльнасці вядуць ба́равымі і дыска-фрэзернымі машынамі, якія падзяляюць маналіт грунту на блокі. Выкарыстоўваюцца таксама Р. з вінтаклінавым рабочым органам, экскаватары з вінтавымі прыстасаваннямі і пнеўмамолатамі і інш. У дарожным буд-ве выкарыстоўваюць Р. ў выглядзе зменнага прыстасавання да бульдозера. Рыхленне грунту пад вадой пры рабоце землясоснага снарада робіцца спец. разрыхляльнікамі, глыбокае рыхленне тэрас з адначасовым унясеннем угнаенняў пад закладку вінаграднікаў і садоў — Р. тэрас (маюць 2 рабочыя органы ў выглядзе выгнутых карпусоў).

Літ.:

Строительные машины для механизации гидромелиоративных работ. М., 1985;

Производительность и долговечность землеройных мелиоративных машин. Киев, 1988.

В.​М.​Кандрацьеў.

Рыхліцелі: а — трохстоечны на базе колавага трактара (1 — нож, 2 — стойка, 3 — апорны каток); б — рыхліцель-кратавальнік (1 — дрэнер, 2 — зуб); в — клінавы (1 — накіроўная штанга, 2 — ударны груз, 3 — асіметрычны клін); г — аб’ёмнага рыхлення канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (1 — V-падобная стойка, 2 — лямеш).
Рабочыя органы рыхліцеляў: 1 — сагнуты; 2 — з падпятнікам; 3 — клін-баба з зубамі; 4 — зуб-рыхліцель гідраўлічнага экскаватара; 5 — аб’ёмнага рыхлення.

т. 13, с. 525

РЫ́ХМАН (Георг Вільгельм) (22.7.1711, г. Пярну, Эстонія — 6.8.1753),

расійскі фізік. Вучыўся ва ун-тах Гале і Іены. У 1735—40 студэнт «фіз. класа» Пецярбургскай АН. З 1741 праф. (акадэмік) на кафедры фізікі, з 1744 заг. фіз. кабінета Пецярбургскай АН. Навук. працы па вывучэнні цеплаты і электрычнасці. Даследаваў цеплаабмен і выпарэнне вадкасцей. Вывеў формулу для вызначэння т-ры сумесі аднародных вадкасцей, стварыў прылады для метэаралогіі, гідралогіі і тэрмаметрыі, адкрыў з’яву электрастатычнай індукцыі. Разам з М.В.Ламаносавым вывучаў атм. электрычнасць. Загінуў ад маланкі ў час доследаў з незаземленай «громавай машынай».

Тв.:

Труды по физике. М., 1956.

Літ.:

Цверава Г.К. Г.​В.​Рихман (1711—1753). Л., 1977.

т. 13, с. 525

РЫ́ХТГОФЕН ((Richthofen) Фердынанд Паўль Вільгельм фон) (5.5.1833, г. Покуй, Польшча —6.10.1905),

нямецкі географ, геолаг, падарожнік. Чл. Прускай АН (з 1899). Вучыўся ў Брэслаўскім і Берлінскім ун-тах, у 1869 у Фрайбергскай горнай акадэміі. З 1873 прэзідэнт Берлінскага геагр. т-ва. У 1875—79 праф. Бонскага, з 1883 Лейпцыгскага і з 1886 Берлінскага ун-таў. У 1856—60 праводзіў геал. даследаванні ў Альпах і Карпатах; у 1860 ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі; у 1862—68 у Каліфорніі і на горным хр. Сьера-Невада; у 1868—72 здзейсніў 7 падарожжаў па Кітаі. Вылучыў эолавую гіпотэзу паходжання лёсу ў Кітаі (1877). Вынікі даследаванняў выклаў у працы «Кітай» (т. 1—4, 1877—1912), склаў «Атлас Кітая» (1885). Стварыў генет. класіфікацыю форм рэльефу і характарыстыку найб. Прыродных абласцей Азіі (1886). Яго імем названы горны хрыбет у Цэнтр. Азіі ў сістэме Наньшань.

т. 13, с. 525

РЫХТГО́ФЕНА ХРЫБЕ́Т У гарах Наньшань, на Пн Кітая, гл. Цыляньшань.

т. 13, с. 525

РЫ́ХТЭР (Андрэй Аляксандравіч) (15.8.1871, г.п. Кураўской Калужскай вобл, Расія — 9.4.1947),

расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін. Акад. АН СССР (1932; чл.-кар. 1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893) і працаваў у ім. З 1917 праф. Пермскага, Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў. У 1934—38 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па фотасінтэзе, засуха- і зімаўстойлівасці раслін, устойлівасці іх да засольвання глебы, па біяхіміі тэхн. культур, імунітэце раслін да грыбковых хвароб, па пытаннях браджэння. Распрацаваў метад вызначэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу, выкарыстаў перарывістае (мігальнае) святло для вывучэння яго механізму. Эксперыментальна праверыў і ўдасканаліў тэорыю храматычнай адаптацыі В.​Т.​Энгельмана.

т. 13, с. 525

РЫ́ХТЭР ((Richter) Бартан) (н. 22.3.1931, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1977), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1989). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1952). З 1956 у Стэнфардскім ун-це (з 1967 праф.), з 1963 у Стэнфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (у 1984—99 дырэктар). Навук. працы па квантавай электрадынаміцы, фізіцы высокіх энергій, паскаральнай тэхніцы. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана накапляльнае Стэнфардскае пазітрон-электроннае паскаральнае кальцо (SPEAR; 1973). Адкрыў першую «зачараваную» часціцу — J/ψ-мезон, (1974, незалежна ад С.Тынга) і пацвердзіў гіпотэзу аб існаванні с-кварка. Нобелеўская прэмія 1976.

Тв.:

Рус. пер — От ψ к очарованию. (Эксперименты 1975—1976 гг.) // Успехи физ. наук. 1978. Т. 125, вып. 2;

Следующее поколение ускорителей с электрон-позитронными встречными пучками. // Там жа. 1980. Т. 130, вып. 4.

М.​М.​Касцюковіч.

Б.Рыхтэр.

т. 13, с. 525

РЫ́ХТЭР (Святаслаў Тэафілавіч) (20.3.1915, г. Жытомір, Украіна — 1.8.1997),

расійскі піяніст. Нар. арт. СССР (1961). Герой Сац. Працы (1975). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1937—46, з перапынкамі; кл. Г.Нейгаўза). З 1934 канцэртаваў. У 1970—90-я г. неаднаразова гастраліраваў на Беларусі. Для яго выканальніцтва характэрны спалучэнне інтэлектуальнага і эмац. пачаткаў, артыстычнасці і майстэрства, бездакорнага густу і віртуознасці, бліскучае тэхн. майстэрства, багацце гукавога каларыту, цэльнасць і яснасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары вылучаліся «Добра тэмпераваны клавір» І.​С.​Баха, санаты і канцэрты В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, музыка кампазітараў 20 ст., у т. л. С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча. Выступаў у ансамблі з вядучымі інструменталістамі (Ю.​Башметам, А.​Каганам, Д.​Ойстрахам, М.​Растраповічам, Д.​Шафранам) і вакалістамі (Н.​Дарліяк, Дз.​Фішэр-Дзіскаў), буйнейшымі арк. свету. Заснавальнік Міжнар. фестывалю «Снежаньскія вечары» (1981). Дзярж. прэмія СССР 1950. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэміі Расіі 1987, 1996.

Літ.:

Дельсон В.Ю. Святослав Рихтер. М., 1961;

Нейгаўз Г. Размышления, воспоминания, дневники. Избранные статьи. Письма к родителям. 2 изд.М., 1983;

Цыпин Г.М. С.​Рихтер: Творч. портрет. 3 изд. М., 1987;

Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990.

В.​П.​Пракапцова.

С.Т.Рыхтэр.

т. 13, с. 526