РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Сэмюэл) (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),

англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ) і на псіхал, лінію рамана 19 ст.

Літ.:

Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;

Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ. М., 1966.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)