РЫБАКО́Ў (Анатоль Навумавіч) (14.1.1911, г. Чарнігаў, Украіна — 23.12.1998),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў транспарту (1934). У 1933—36 рэпрэсіраваны. Прыгодніцкая трылогія для юнацтва «Корцік» (1948, экранізацыя 1954), «Бронзавая птушка» (1956, экранізавана), «Стрэл» (1975, фільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974) пра падзеі грамадз. вайны і нэпа. Раманы «Вадзіцелі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і «Кацярына Вароніна» (1955, аднайм. фільм 1957) на вытв. тэму. У трылогіі «Дзеці Арбата» (1987), «Страх» (1990), «Прах і попел» (1994) праз лёсы пакалення 1930-х г. паказаны час «культу асобы». Аўтар трылогіі для юнацтва «Прыгоды Кроша» (1960, аднайм. фільм 1962), «Канікулы Кроша» (1966) і «Невядомы салдат» (1970), раманаў «Лета ў Сасняках» (1964), «Цяжкі пясок» (1978), аўтабіягр. «Рамана-ўспаміну» (1997) і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову аповесць «Корцік» пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981—82;
Избр. произв.: В. 3 т. Т. 1—2. М., 1991;
Тяжелый песок. М., 2000;
Дети Арбата. М., 2000;
Страх. М., 2000;
Прах и пепел. М., 2000;
Бел. пер. — Вадзіцелі. Мн., 1953;
Корцік. Мн., 1959.
Літ.:
Старикова Е. А.Рыбаков. М., 1977;
С разных точек зрения: «Дети Арбата» Анатолия Рыбакова. М., 1990.
т. 13, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)