РЫЖА́К (Camelina),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды Р.: бурачковы (C. alyssum), драбнаплодны (C. microcarpa), пасяўны, нар. назва рыжы лён (C. sativa), румелійскі (C. rumelica). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, радзей на палях як пустазелле. У культуры — Р. пасяўны.

Азімыя і яравыя аднагадовыя расліны выш. 30—120 см. Сцёблы тонкія, галінастыя, голыя або апушаныя. Ніжняе лісце чаранковае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, светла-жоўтыя, у гронках. Плод — стручочак. У насенні 25—46% алею, які выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і мылаварнай вытв-сці. Алейныя, тэхн., лек. і кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рыжак.

т. 13, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)