РЫЗАКТАНІЁЗ,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.

Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.

Л.​М.​Прыступук.

Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)