РЫЗАКТО́НІЯ (Rhizoctonia),
род недасканалых грыбоў, якія ўмоўна адносяцца да парадку стэрыльных міцэліяў. Каля 15 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць пераважна на каранях і інш. падземных ч. раслін. На Беларусі найб. вядомыя Р.: узбуджальнік рызактаніёзу бульбы, бабовых, буракоў, морквы, крыжакветных — бульбяная (R. solani), R. aderholdii і R. violaceae, якія разам з мікраарганізмамі выклікаюць загніванне ўсходаў (чорная ножка) і бурую гніль с.-г. раслін (напр., караняед буракоў).
Міцэлій шматклетачны, галінасты, утвораны доўгімі клеткамі. Склероцыі каля 1,5 мм, карычневыя або чорныя, разнастайнай формы. У цыкле развіцця грыбоў толькі міцэлій і склероцыі, зрэдку развіваецца базідыяльная стадыя.
С.І.Бельская.
т. 13, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)