РЫЗАЛІ́Т (ням. Rysalit ад італьян. risalita выступ),
частка будынка, якая выступае за лінію фасада на ўсю яго вышыню. Р. звычайна сіметрычны адносна цэнтр. восі будынка, падкрэслівае дамінуючае значэнне яго цэнтр. часткі, вылучае гал. ўваход, узбагачае пластычную выразнасць агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Вядомы са старажытнасці. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока, класіцызму, мадэрн і інш. На Беларусі адыгралі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных, грамадз. і культавых пабудоў.
Звычайна плоскасць сцяны будынка мела адзін цэнтр. Р., які быў гал. кампазіцыйным акцэнтам фасада, або цэнтр. і бакавыя Р. Часта Р. вырашаліся ў выглядзе порціка і завяршаліся трохвугольным франтонам. У пераходны перыяд ад барока да класіцызму былі пашыраны паўкруглыя, крывалінейныя, гранёныя Р., якія завяршаліся франтонамі складанай канфігурацыі, ламаным дахам, купалам. Р. афармлялі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, сандрыкамі, калонамі. У архітэктуры 1930—50-х г. Р. выкарыстоўваўся як асн. элемент кампазіцыі гал. фасада грамадз. і жылых будынкаў.
Г.С.Ларкін.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)