РЫ́ЖЫК (Lactarius deliciosus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі з ліп. па вер. трапляюцца 2 формы Р.: у яловых лясах — яловы, у хваёвых лясах — хваёвы.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см з загнутым уніз краем, акругла-пукатая, потым лейкападобная. У Р. хваёвага афарбоўка шапкі маркоўна-рыжая з канцэнтрычнымі кругамі, мякаць шчыльная з аранжавым млечным сокам, са смалістым смакам і пахам, на зломе зелянее. У Р. яловага — больш бледная, зеленавата-рыжая, мякаць крохкая. Пласцінкі прырослыя. Ножка полая, цыліндрычная. Споры шырокаавальныя, светла-крэмавыя. Каштоўны ядомы грыб. Іл. гл. да арт. Млечнік.
т. 13, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)