Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕНАГУ́МА,

гл. ў арт. Сітаватая гума.

т. 12, с. 264

ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),

пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.

т. 12, с. 264

ПЕНАМЕТА́Л,

метал (сплаў) ячэістай структуры. Для атрымання П. ў расплаў металу ўводзяць гідрыды (напр., тытану, цырконію), якія раскладаюцца з вылучэннем вадароду, што ўспеньвае метал. Ячэістая структура замацоўваецца хуткім ахаладжэннем. Вырабляюць П. на аснове алюмінію (пенаалюміній мае шчыльн. 230—750 кг/м³, а алюміній — 2700 кг/м³), магнію і інш. металаў. Выкарыстоўваюць як напаўняльнікі канструкцый (для забеспячэння іх цвёрдасці), а таксама як цеплаізаляцыйны матэрыял.

т. 12, с. 264

ПЕНАПЛА́СТЫ,

адзін з відаў газанапоўненых пластыкаў.

т. 12, с. 264

ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

ПЕ́НАЧКІ (Phylloscopus),

род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, 1 від пранікае на Аляску. Жывуць у лясах, гаях, лесапарках, садах. Гняздуюцца на зямлі, часам на кустах. На Беларусі 4 пералётныя віды: П.-вяснічка (Ph. trochilus, нар. назва будаўнічок), П.-жаўтаброўка, або П.-трашчотка (Ph. sibilatrix), П. зялёная (Ph. trochiloides) і П.-цянькоўка (Ph. collybitus).

Даўж. да 14,5 см, маса да 12,5 r. Апярэнне пераважна няяркае, бураватае або зеленаватае, ніз цела жаўтаваты; у некат. над вокам светлая палоска. Кормяцца насякомымі, павукамі, часам ягадамі. Нясуць да 8 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Пеначкі: 1 — цянькоўка; 2 — вяснічка; 3 — жаўтаброўка; 4 — зялёная.

т. 12, с. 265

ПЕНАШКЛО́,

порысты матэрыял, які атрымліваюць спяканнем сумесі шклянога парашку і пенаўтваральніка (кокс, мел, даламіт). Сярэдняя шчыльн. 160—300 кг/м³. Мае высокія цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці, лёгка паддаецца мех. апрацоўцы і склейванню.

Выпускаецца ў выглядзе блокаў. Выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі падземных трубаправодаў, падлог, вагонаў-халадзільнікаў, як плывучы матэрыял для выратавальных прыстасаванняў і пантонаў; шклакрошка — для цеплаізаляцыі дахаў. З П. з адкрытымі порамі робяць гукаізалявальныя перагародкі, фільтры для кіслот і шчолачаў. Асн. сыравіна для П. — адходы вытв-сці ліставога шкла, бой аконнага, тарнага і інш. шкла.

І.​І.​Леановіч.

т. 12, с. 265

ПЕНДАРЭ́ЦКІ ((Penderecki) Кшыштаф) (н. 25.11.1933, г. Дэмбіца, Польшча),

польскі кампазітар, дырыжор, педагог. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Скончыў Акадэмію музыкі ў Кракаве (1957), з 1959 выкладае ў ёй кампазіцыю, у 1972—87 рэктар. У 1973—78 выкладаў у Іельскім ун-це (ЗША). Дырыжыруе вядучымі сімф. аркестрамі (з 1973), вядзе майстар-класы ў буйнейшых муз. цэнтрах Еўропы і ЗША і інш. Арыгінальная экспрэсіўнасць музыкі П. грунтуецца на глыбокім адчуванні магчымасцей сучасных гукавых сістэм і выкарыстанні іх ва ўсіх сферах кампазітарскай тэхнікі ад артыкуляцыі да формаўтварэння. Зрабіў адкрыцці ў гукавой каларыстыцы. Творам уласцівы глыбокі маст. змест, шырокі спектр сродкаў выразнасці, выкарыстанне традыцый каталіцкай музыкі. У творчасці звяртаецца да агульначалавечай тэматыкі («Строфы» для сапрана, дэкламатара і 10 інструментаў, 1959; «Плач па ахвярах Хірасімы», 1960; араторыя «Dies irae», 1967, памяці ахвяр Асвенціма; «Касмагонія», 1970), рэліг. музыкі («Страсці паводле Лукі», 1965; «Ютрань», 1972; «Магніфікат», 1974; «Te Deum», 1980; «Польскі рэквіем», 1984) і інш. Аўтар опер («Д’яблы з Лудэна», 1969; «Страчаны рай», 1978; «Чорная маска», 1986; «Убу кароль», 1991), арк. твораў (3 сімфоніі, у т. л. «II Christmas Symphony», 1980; «De natura sonoris I—II», 1966—70; «Пасакалія», 1988; «Адажыо», 1989), інстр. канцэртаў (2 віяланчэльных, скрыпічны, альтовы), камерна-інстр. музыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1968, 1984.

Літ.:

Lisicki K. Szkice o K. Pendereckim. Warszawa, 1973;

Erhardt L. Spotkania z Krzysztofem Pendereckim. Krakow, 1975;

Tomaszewski M. Krzysztof Penderecki i jego muzyka. Krakow, 1994;

Ивашкин А.В. Кшиштоф Пендерецкий. М., 1983.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 265

ПЕНДЖА́Б, Панджаб (Пяцірэчча),

прыродная і гіст. вобласць у Паўд. Азіі, на тэр. Індыі і Пакістана. Пл. каля 700 тыс. км². Нас. больш за 150 млн. чал. (2000). Займае паўн. частку Інда-Гангскай раўніны. Арашаецца сістэмай рэк Сатледж, Джэлам, Чынаб, Раві і Біяс, якія зліваюцца ў р. Панджнад (левы прыток р. Інд). Пераважаюць выш. 150—350 м. Клімат мусонны, сухі і цёплы. Сярэднія т-ры ў студз. 13—16 °C, у маі каля 35 °C. Ападкаў ад 150 мм (на 3) да 700 мм за год (на У), максімум у перыяд летняга мусону. Натуральная расліннасць (апустыненыя саванны з калючымі хмызнякамі) захавалася месцамі на водападзельных участках. Пераважаюць густанаселеныя культ. ландшафты на арашальных землях. Шырокая сетка арашальных каналаў. Вял. гарады — Лахор (Пакістан), Амрытсар (Індыя) і інш. На тэр. вобласці аднайм. правінцыя Пакістана і штат Індыі, інш. тэр. гэтых дзяржаў.

У 3—1-й пал. 2-га тыс. да н.э. П. уваходзіў у зону Інда даліны цывілізацыі. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. заселены плямёнамі арыяў. У канцы 6—5 ст. да н.э. — ч. Ахеменідаў дзяржавы. У 327—325 да н.э. зах. ч. П. да р. Гіфасіс (Біяс) заваявана Аляксандрам Македонскім, у 4—2 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Маур’яў, потым — Грэка-Бактрыйскага царства (2—1 ст. да н.э.), Кушанскай дзяржавы (1—3 ст. н.э.), Гуптаў дзяржавы і дзяржавы эфталітаў. Пасля распаду апошняй (567) на тэр. П. існавалі некалькі княстваў. У пач. 11 ст. заваяваны Газневідамі, якія перанеслі ў Лахор сваю сталіцу. У 1186—1206 П. — ч. дзяржавы Гурыдаў. у 13 — пач. 16 ст. Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. Магольскай імперыі, з сярэдзіны 18 ст. дзяржавы Ахмад-шаха Дурані. У выніку паўстання сікхаў у 1760-я г. ў П. створана некалькі сікхскіх княстваў, якія ў пач. 19 ст. аб’яднаны махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839] У адзіную дзяржаву. У выніку англа-сікхскіх воінаў 1845—46 і 1848—49 заваяваны англічанамі і далучаны да Брыт. Індыі як асобная правінцыя. Паводле Маўнтбетэна плана 1947 большая ч. П. з пераважна мусульм. насельніцтвам адышла да Пакістана, меншая — з індуска-сікхскім — да Індыі, як правінцыя і штат П.

т. 12, с. 265

ПЕНДЖА́Б, Панджаб,

правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс. км². Нас. каля 80 млн. чал. (2000). Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн. га, з іх арашаецца больш за 8 млн. га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужная вытв-сць метал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 12, с. 265