ПЕНАШКЛО́,

порысты матэрыял, які атрымліваюць спяканнем сумесі шклянога парашку і пенаўтваральніка (кокс, мел, даламіт). Сярэдняя шчыльн. 160—300 кг/м³. Мае высокія цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці, лёгка паддаецца мех. апрацоўцы і склейванню.

Выпускаецца ў выглядзе блокаў. Выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі падземных трубаправодаў, падлог, вагонаў-халадзільнікаў, як плывучы матэрыял для выратавальных прыстасаванняў і пантонаў; шклакрошка — для цеплаізаляцыі дахаў. З П. з адкрытымі порамі робяць гукаізалявальныя перагародкі, фільтры для кіслот і шчолачаў. Асн. сыравіна для П. — адходы вытв-сці ліставога шкла, бой аконнага, тарнага і інш. шкла.

І.​І.​Леановіч.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)