ПЕНДАРЭ́ЦКІ ((Penderecki) Кшыштаф) (н. 25.11.1933, г. Дэмбіца, Польшча),

польскі кампазітар, дырыжор, педагог. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Скончыў Акадэмію музыкі ў Кракаве (1957), з 1959 выкладае ў ёй кампазіцыю, у 1972—87 рэктар. У 1973—78 выкладаў у Іельскім ун-це (ЗША). Дырыжыруе вядучымі сімф. аркестрамі (з 1973), вядзе майстар-класы ў буйнейшых муз. цэнтрах Еўропы і ЗША і інш. Арыгінальная экспрэсіўнасць музыкі П. грунтуецца на глыбокім адчуванні магчымасцей сучасных гукавых сістэм і выкарыстанні іх ва ўсіх сферах кампазітарскай тэхнікі ад артыкуляцыі да формаўтварэння. Зрабіў адкрыцці ў гукавой каларыстыцы. Творам уласцівы глыбокі маст. змест, шырокі спектр сродкаў выразнасці, выкарыстанне традыцый каталіцкай музыкі. У творчасці звяртаецца да агульначалавечай тэматыкі («Строфы» для сапрана, дэкламатара і 10 інструментаў, 1959; «Плач па ахвярах Хірасімы», 1960; араторыя «Dies irae», 1967, памяці ахвяр Асвенціма; «Касмагонія», 1970), рэліг. музыкі («Страсці паводле Лукі», 1965; «Ютрань», 1972; «Магніфікат», 1974; «Te Deum», 1980; «Польскі рэквіем», 1984) і інш. Аўтар опер («Д’яблы з Лудэна», 1969; «Страчаны рай», 1978; «Чорная маска», 1986; «Убу кароль», 1991), арк. твораў (3 сімфоніі, у т. л. «II Christmas Symphony», 1980; «De natura sonoris I—II», 1966—70; «Пасакалія», 1988; «Адажыо», 1989), інстр. канцэртаў (2 віяланчэльных, скрыпічны, альтовы), камерна-інстр. музыкі. Дзярж. прэмія Польшчы 1968, 1984.

Літ.:

Lisicki K. Szkice o K. Pendereckim. Warszawa, 1973;

Erhardt L. Spotkania z Krzysztofem Pendereckim. Krakow, 1975;

Tomaszewski M. Krzysztof Penderecki i jego muzyka. Krakow, 1994;

Ивашкин А.В. Кшиштоф Пендерецкий. М., 1983.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)