Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цы́балка, ‑і, ДМ ‑яды; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Сцябло.

2. часцей мн. (цы́балкі, ‑лак). Частка нагі ад ступні да калена.

цыбатава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі цыбаты. Ён, Станіслаў, цыбатаваты, ужо ладны падлетак, бяжыць па .. соль у .. краму. Сабаленка.

цыба́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць цыбатага. [Касцюм] выгодна падкрэсліваў яе [дзяўчынкі] танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў.

цыба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Высокі і тонкі, звычайна даўганогі. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк. Маўр. Конь быў нізкарослы, грывасты, коннік здаваўся залішне цыбаты, і ногі яго як не валачыліся па зямлі. Лупсякоў. Ззаду каля ласіхі мітусілася цыбатае ласянё. Федасеенка. / у перан. ужыв. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч. / у знач. наз. цыба́ты, ‑ага, м.; цыба́тая, ‑ай, ж. Бобрыку спачатку здалося, што цыбаты сам паляцеў старчма. Дуброўскі.

2. Доўгі і тонкі, з падоўжанай часткай ад ступні да калена (пра ногі). Празвалі .. [Шайку] некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве. Лынькоў. [Міхалючок] закруціўся па хаце, як падлетак, заскакаў на сваіх цыбатых нагах. Чорны.

цы́бік, ‑а, м.

Уст. Пакет, скрынка з чаем (ад 40 да 80 фунтаў).

цыбу́к, ‑а, м.

1. Трубкападобны стрыжань курыльнай люлькі, праз які курэц уцягвае дым тытуню. Дзядзька не выпускаў з рота цыбука люлькі. Сачанка.

2. Сцябло. Цётка Проска паліць у печы, парыць у вядзёрным чыгуне тытуневыя цыбукі. Васілевіч.

3. Спец. Вінаградны чаранок.

цыбулепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Па форме і выгляду падобны на цыбулю.

цыбу́ліна, ‑ы, ж.

1. Патоўшчаная, звычайна падземная, частка сцябла некаторых раслін. Цыбуліна цюльпана. Цыбуліна лілеі.

2. Галоўка цыбулі. Маці адрэзала лусту хлеба, дастала цыбуліну, загарнула ў паперку крыху солі і ўсё гэта паклала ў торбачку. Гамолка.

3. Расшыраная частка некаторых органаў, частак арганізма. Цыбуліна аорты. Цыбуліна воласа.

цыбу́лісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які падобны на цыбуліну, мае выгляд цыбуліны.

цыбу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Памянш.-ласк. да цыбуля.

2. Невялікая цыбуліна.