Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цёзка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑зцы, Т ‑ай (‑аю); Р мн. ‑зак; ж.

Разм. Чалавек, які мае аднолькавае з кім‑н. імя. — Як цябе завуць? — спытала ў яго Марыя Міхайлаўна. — Юра... — Добрае імя. Скажы, Юра, што ты ведаеш пра свайго славутага цёзку? — Гэта пра Гагарына? Мяжэвіч.

цёк, ‑у, м.

Цячэнне, плынь. Урэшце, зусім ужо змораная, Гэлька неяк знайшла сілы адплыць ад віру, і яна панеслася хвалямі па цёку вады... Чарот.

•••

Цёкам цячы гл. цячы.

цёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Маладая карова, якая яшчэ не цялілася; цялушка. Прыкрыў цянёк сваім крылом Кароў паважных, цёлак тлустых. Панчанка. — На гэтай ферме каля двухсот дойных кароў, — працягваў .. [Яўген], — ды цёлкі і сёлетнія цяляты. Хведаровіч.

цёмна,

1. Прысл. да цёмны (у 1–6 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць святла або недастатковасць асвятлення дзе‑н. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Колас. Машына як у нару кінулася: і з правага боку цёмна, і з левага боку цёмна,.. толькі снапок святла ад фараў лізаў лужыны на дарозе. Лобан.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра змрочны, цяжкі настрой. На душы .. [Казіка] стала пуста і цёмна. Чарнышэвіч.

•••

Цёмна хоць вока выкалі гл. выкалаць.

цёмна... (а таксама цемна...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «цёмны» (у 2 знач.), напрыклад: цёмнавалосы, цёмналісцёвы.

цёмнааблі́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. З цёмным абліччам.

цёмнавало́сы, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмныя валасы. Ваня быў сярэдняга росту, цёмнавалосы. Бураўкін.

цёмналісцёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае лісце цёмнага колеру. Цёмналісцёвы дуб.

цёмнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цёмнага (у 5 знач.); адсталасць, бескультурнасць. Узрушыла жанчыну рэвалюцыя, абудзіла яе, але цяжка яшчэ навесці яе па шляху да лепшага жыцця. Шмат перашкод яшчэ: непісьменнасць, царква, якая цяпер толькі й трымаецца на цёмнасці жаночай. Галавач.

цёмначы, прысл.

Разм. Цёмнай парой; зацемна. [Юрка] выйшаў з дому цёмначы, яшчэ над лесам стаяла ноч. Чарнышэвіч. — А звычайна калі ён [Мішэль] прыходзіў? — Як вячэрняя паверка канчаецца. Каб паспець і ў мяне пабыць, і яшчэ цёмначы назад, у лагер вярнуцца... Сачанка. // У цемнаце. — Завод вунь там, зусім блізка ад шашы. — Цёмначы не заўважыў, — сумеўшыся, апраўдваўся хлапец. Кулакоўскі.