Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ці, злучн. і часціца.

1. злучн. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў, якія па сваім значэнні з’яўляюцца аднолькава магчымымі ці раўназначнымі, указваючы на выбар аднаго з іх. Мы аддана служылі і не варажылі, Скосіць нас смерць ці не скосіць. Панчанка. Рана ці позна, позна ці рана высахнуць слёзы, загоіцца рана. Вярцінскі. Я люблю слухаць Дарафея Сцяпанавіча. Асабліва яго паляўнічыя ці рыбацкія апавяданні. Паслядовіч. // З адценнем дапушчэння магчымасці аднаго з членаў сказа. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. [Граніца] праходзіла за дзве ці тры гадзіны хады на ўсход ад вёскі. Брыль.

2. злучн. размеркавальна-пералічальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. Ці буду я ў шчасці, ці буду я ў смутку, Ці буду ў вялікай бядзе — Цябе на часінку, цябе на мінутку Нідзе не забуду, нідзе. Бялевіч.

3. Уваходзіць у склад паўторнага пералічальна-размеркавальнага злучніка «ці то..., ці то». Тое, што і то ​1 (у 2 знач.).

4. злучн. далучальны. Ужываецца для далучэння членаў сказа і сказаў з заўвагамі дадатковага характару. Бруно Шмульке, ці, як клікалі яго за вочы, Брунька-Шмунька, быў ціхім, непрыкметным чалавекам, негаваркім. Лынькоў. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна вывіваліся над вадой. Пальчэўскі.

5. злучн. падпарадкавальны. Ужываецца пры даданых сказах з ускосным пытаннем. [Пашка:] — Слухай, ці не знойдзецца ў цябе чаго ад бяссонніцы? Паўлаў. Толькі ў калідоры Надзя падумала, ці не збіраецца Сашка выступаць у канцэрце. Гроднеў. У Льва Раманавіча, помніцца, варухнулася сумненне, ці варта высяляць Сапуна. Асіпенка.

6. часціца пытальная. Узмацняе пытальны характар. [Гена:] Нязручна поначы ісці да чужых людзей... Гасцініца... Ці будзе там месца? Арабей. Дзе ж, дарога ты другая? Я стаю адзін, адзін, Ноч вакол ляжыць глухая... Ці ж то свет сышоўся ў клін? Колас. // З асобнымі прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі, часціцамі ўтварае спалучэнні са значэннем сумнення, няўпэўненасці, нерашучасці, здзіўлення. Страху ў мяне цяпер як і не было. Ці мо проста не было калі думаць пра яго? Якімовіч. Пайшоў я зранку ў свой горад, бо ведаў, што ўдзень наўрад ці ўбачыш каго дома з блізкіх знаёмых. Кулакоўскі. — Ты што гэта, на Месяц ляцець сабралася, ці што? Гэтулькі пакункаў! — здзівіўся дзед, які зайшоў на кухню. Гарбук.

•••

Так ці інакш (іначай) гл. так.

Ці доўга, ці коратка гл. доўга.

ці́верац,

гл. ціверцы.

ці́верцы, ‑аў; адз. ціверац, ‑рца, м.

Племянная група ўсходніх славян, якая займала тэрыторыю ў нізоўях Днястра, Прута і Дуная.

ціву́н, ‑а, м.

Гіст. Назва розных службовых асоб у Расіі 10–17 стст. // Наглядчык за працай сялян у памешчыка ў часы прыгону. А ў Яносіка нічога з сабой не было; Цівуны ўсё адабралі, Усё агнём пайшло. Танк.

цівуно́ў, ‑ова.

Гіст. Які належыць цівуну, уласцівы яму.

цік ​1, ‑у, м.

Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.

[Фр. tic.]

цік ​2, ‑у, м.

Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.

[Гал. tijk, англ. tick.]

цік ​3, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.

2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.

[Англ. teak.]

цік ​4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

цік ​4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

ціка́ва,

1. Прысл. да цікавы.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць увагі, цікавасці, інтарэсу да чаго‑н. Цікава наведаць вёску, дзе нарадзіўся і вырас. Бядуля. — Цікава, цікава, што там твае лічыльнікі паказваюць? — настаражыўся Міхальчук. Якімовіч.

цікава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цікаваць.

ціка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікавага.

2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.

3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.