Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

ціхаве́йны, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Ціхі, слабы (пра вецер). Ціхавейны, цёплы ветрык Прылятае к нам з палёў. Журба.

ціхаво́ддзе, ‑я, н.

Месца на рацэ з павольным цячэннем; затока. Сеў, адну вуду закінуў далей, другую на ціхаводдзі бліжэй да берага і закурыў. Ляўданскі. — Калі ўзводзілі насып для чыгуначнага моста, — расказвае інжынер, — стварылася ціхаводдзе. В. Вольскі.

ціхаво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае ціхае, спакойнае цячэнне.

ціхамі́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ціхамірнага. Гэтыя думкі адразу супакоілі.. [Барашкіна], прынеслі добрую і жаданую ціхамірнасць. Савіцкі.

ціхамі́рны, ‑ая, ‑ае.

Спакойны, ціхі; міралюбівы. Блакітны Дунай. Колькі вершаў і песень складзена пра яго ціхамірную гладзь, пра яго ласкавую хвалю! «Звязда». Вярталася Волька ад суседзяў лагодная, у нязвыклым для Казіка ціхамірным настроі. М. Стральцоў.

ціхаплы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае павольны рух плыні, цячэння. Уставалі абшары бацькавых палёў і лугоў, што распасцерліся непадалёку ад ціхаплыннай у тых мясцінах Бярэзіны. Хадкевіч. Ад возера пачынаецца зялёны рукаў ціхаплыннай рачулкі. Арочка.

ціхаструме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які ціха струменіць (пра рэчку).

ці́хасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ціхага.. У паветры чулася яшчэ начная ціхасць, што прыглушвала галасы і гукі. Мележ.

ціхата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.

Разм. Тое, што і цішыня. — Каб не вецер — на гасцінцы ціхата была б. Чорны. Нідзе нікога. Ціхата. Ціхата і спакой. Як на могілках. Сачанка.