Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цма́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Прыцмокваць губамі, языком і пад., выказваючы захапленне або расчараванне. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. І сёння яшчэ некаторыя цмакаюць, шкадуючы леташні снег. Брыль.

цмок 1, ‑а, м.

У казках і народных паданнях — пачвара ў вобразе змея, дракона. Толькі пела [маці] мне песні Аб цёмных бяздонных азёрах, У якіх ажываюць начамі Апаўшыя зоры, Аб дрымучых лясах, Дзе асілкі змагаюцца з цмокам. Кірэенка. // перан. Носьбіт варожых народу сіл; крывасмок. Зімой, у вялікі мароз, папрывязвалі бяздушныя цмокі гэтых палонных да аглобляў сваіх фурманак, і людзі.. павінны былі бегчы.. з коньмі. Ермаловіч.

цмок 2, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння адрывістага гуку, які атрымліваецца раптоўным раскрыццём сціснутых губ.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цмокаць — цмокнуць. У шчаку дзяўчыну цмок.

цмо́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цмокаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. У цемры перад.. [егерам] нешта сапло і ўздыхала, нібы цеста ў дзяжы. Чулася нейкае цмоканне і бурчанне. В. Вольскі.

цмо́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Гучна цалавацца.

цмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць губамі гук, падобны гуку ўсмоктвання. Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губкамі. Пальчэўскі. Цмокалі на коней мужчыны, грукалі і скрыпелі вазы... Чорны. Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Броўка.

2. каго-што. Разм. Гучна цалаваць. Перш чым прыўзняцца, .. [Артур] ветліва і прыязна адразу ж пачаў цмокаць.. [Марыі] руку і тут жа падаў кветкі. Гроднеў. Ганна Макараўна гучна цмокала.. [Мішку] ў пульхную шчочку, туліла да сябе. Марціновіч.

3. што. Разм. Раскурваючы люльку, смактаць цыбук. Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе. Быкаў. Губы цмокалі цыбук. Пестрак.

цмо́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да цмокацца.

цмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цмокаць.