цмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць губамі гук, падобны гуку ўсмоктвання. Толік спаў і час ад часу смачна цмокаў губкамі. Пальчэўскі. Цмокалі на коней мужчыны, грукалі і скрыпелі вазы... Чорны. Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Броўка.

2. каго-што. Разм. Гучна цалаваць. Перш чым прыўзняцца, .. [Артур] ветліва і прыязна адразу ж пачаў цмокаць.. [Марыі] руку і тут жа падаў кветкі. Гроднеў. Ганна Макараўна гучна цмокала.. [Мішку] ў пульхную шчочку, туліла да сябе. Марціновіч.

3. што. Разм. Раскурваючы люльку, смактаць цыбук. Дзядзька Пракоп спяшліва хапаецца за сваю люльку, якая ледзь не пагасла, хуценька цмокае яе. Быкаў. Губы цмокалі цыбук. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)