Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цік 1, ‑у, м.

Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.

[Фр. tic.]

цік 2, ‑у, м.

Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.

[Гал. tijk, англ. tick.]

цік 3, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.

2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.

[Англ. teak.]

цік 4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

цік 4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

ціка́ва,

1. Прысл. да цікавы.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць увагі, цікавасці, інтарэсу да чаго‑н. Цікава наведаць вёску, дзе нарадзіўся і вырас. Бядуля. — Цікава, цікава, што там твае лічыльнікі паказваюць? — настаражыўся Міхальчук. Якімовіч.

цікава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цікаваць.

ціка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цікавага.

2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.

3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.

цікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Глядзець на каго‑, што‑н. з пэўнай мэтай; сачыць за кім‑, чым‑н. Раздражняе Тарэнту пудзіла, бо заўжды здаецца яму, што нехта жывы стаіць там, сярод канапель, і цікуе за яго дваром. Галавач. Усе прывыклі цікаваць тут за бусламі: то як сядзяць, то як ляцяць. Кулакоўскі. Надумаў я падпільнаваць [хто забірае вуды]. Увечары крадком у лазняках завёў і цікую. Савіцкі. // каго-што і з дадан. сказам. Выглядаць, падпільноўваць каго‑, што‑н. [Пастушкі] пачалі з-за кустоў цікаваць, што чалавек будзе рабіць далей. Крапіва. Удвух з бацькам, закапаўшыся ў стог сена, яны цікавалі зайцоў. Шашкоў.

ціка́віцца, ‑каўлюся, ‑кавішся, ‑кавіцца; незак., кім-чым.

1. Імкнуцца атрымаць звесткі аб кім‑, чым‑н., даведацца пра каго‑, што‑н. Цэнтральны штаб партызанскага руху вельмі цікавіўся справамі ў акупіраваным Мінску. Карпаў.

2. Разм. Захапляцца кім‑, чым‑н., імкнуцца да каго‑, чаго‑н. Цікавіцца тэатрам. □ Дзяўчатамі .. [Адам] не цікавіўся. Усе яны здаваліся яму на адзін твар. Чарнышэвіч.

ціка́віць, ‑каўлю, ‑кавіш, ‑кавіць; незак., каго-што.

1. Выклікаць цікавасць, імкненне даведацца пра каго‑, што‑н.; звяртаць на сябе ўвагу каго‑н. Цяпер Галы цікавілі .. [Андрэя] з другога боку. Ён вывучаў іх як спецыяліст і прыкідваў, як прыступіцца да іх, каб асушыць. Дуброўскі. Рыгора цікавіла ўсё, што ён бачыў перад сабою. Гартны.

2. Разм. Выклікаць захапленне, прыхільнасць да сябе. [Марыльку] цікавіць толькі Сярожа. Брыль. [Лабановіч] нават колькі разоў пройдзецца ўдзень каля яе [Ядвісіных] вокан, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку не дасць, што яна цікавіць яго, што яму без яе цяжка і сумна. Колас.

ці́кавы 1, ‑ая, ‑ае.

Спец. Зроблены, пашыты з ціку ​2. Цікавая навалачка. Цікавы чахол.

ці́кавы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які мае адносіны да ціка ​3, з’яўляецца цікам ​3. Цікавае дрэва.

2. Зроблены з драўніны ціку. Цікавая мачта.

ціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае цікавасць, захапляе. Цікавая кніга. Цікавы даклад. □ Дзед умее расказваць такія цікавыя казкі, што заслухаешся. Рылько. // Які вызначаецца сваёй работай, багатымі ведамі і іншымі прыкметнымі рысамі. Паездкі на Бярозаўскую ДРЭС запомніліся і ўсхвалявалі мяне перш за ўсё сустрэчамі з вельмі цікавымі людзьмі. Дадзіёмаў. — Цікавы чалавек наш палітрук. Ён бясконца ходзіць ад адной гарматы да другой, на прыбор, да сувязістаў і разведчыкаў і праводзіць гутаркі. Шамякін.

2. Забаўны; незвычайны. Я сягоння вам хачу Расказаць пра сад дзіцячы, Што там добрага пачуў, Што цікавага пабачыў. А. Александровіч. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

3. Знамянальны, характэрны; прыкметны якімі‑н. якасцямі, уласцівасцямі. Ёсць пушчы, якія не менш цікавыя, [чым] далёкія трапічныя лясы. Маўр.

4. Разм. Прыгожы. [Пані Вашамірская] аглядае сябе, — яна яшчэ цяпер, маючы пяцьдзесят гадоў, досыць цікавая, стройная, вёрткая, нібы ёй дваццаць гадоў. Бядуля.

5. Тое, што і цікаўны (у 1 знач.). [Сцяпан:] Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усё будзеш ведаць. Купала.

ці́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. У пакоі цішыня.. Таму асабліва выразна чуваць ціканне гадзінніка, што вісіць на сцяне. Васілёнак.