цікавасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць цікавага.
2. Павышаная пільная ўвага да каго‑, чаго‑н. Жывейшая цікавасць да фальклору ў Купалы падтрымлівалася на працягу ўсяго жыцця. Шкраба. Сцёпка гаварыў так проста і разумна, што яго слухалі з вялікай цікавасцю. Колас. З цікавасцю разглядаем мы вялізную магутную птушку. В. Вольскі. // Важнасць, значэнне чаго‑н. [Багуцкі:] — Для камандавання Чырвонай Арміі такія дакументы маюць не малую цікавасць. Па іх адразу відаць, дзе, на якіх участках у немцаў слаба. Лынькоў. [Хлопцы] заспяшалі як мага хутчэй ад чыгункі, якая ў гэту ноч ужо не ўяўляла для іх ніякай цікавасці. Шахавец.
3. Жаданне даведацца пра каго‑, што‑н.; цікаўнасць. Цікавасць гаспадыні была здаволена. Гартны. Праціснулася Ганна бліжэй к хаце, цікавасць брала, — што скажа яна [незнаёмая жанчына], калі гаворыць, што не так жыць трэба. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)