цётачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Ласк. да цётка. Сціснуў губы доктар, пастаяў трошкі, падумаў: — Не можам, цётачка, нічым памагчы твайму сыну. Крапіва. [Камбрыг:] — Трэба туды [у Праглую] завесці вось гэтую цётачку з дзяўчынкай. Брыль.
цётка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Бацькава або матчына сястра; жонка дзядзькі. Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, .. [Аня] зайшла да Андрэевай цёткі. Мележ.
2. Разм. Дарослая жанчына наогул; зварот да старэйшай па ўзросту жанчыны. У калідоры стаялі Міколавы аднавяскоўцы — дзядзька Лявон і цётка Тэкля. Корбан. — Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не вмоўчу. Чорны.
•••
Голад не цётка — пра стан галоднага і таму непераборлівага ў ядзе чалавека (жывёлы).
цётухна, ‑ы, ж.
1. Ветлівы зварот да цёткі, дарослай жанчыны наогул. [Слімак:] — Можа б вы, цётухна, чаго гарачага мне далі? Лынькоў.
2. У даўніх павер’ях усходніх і заходніх славян — надпрыродная істота, якая ўвасабляла трасцу або ліхаманку.
цётчын, ‑а.
Які належыць цётцы. Цётчын дом. Цётчын сын. □ Зоя спускалася па лесвіцы, і ў вушах у яе ўсё яшчэ звінелі цётчыны словы. Арабей.