цёпканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. цёпкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Цёпканне лапцей па лужынах трывожыла цішыню... Бядуля.
цёпкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Хлюпацца па лужынах, гразі, балоце і пад. Калі Юрка павёў рукамі па твары — твар быў мокры. «Вадой, мусіць, запырскаў, калі цёпкаўся нагамі па лужынах», — падумаў ён. Пташнікаў.
цёпкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Шлёпаць, ідучы па гразі, вадзе і пад.; хлюпаць. Зірнуў [Алесь] па звычцы на сонца і праз момант ужо цёпкаў па балоце, задаволены тым, што на гэты раз Кастусь яго не перахітрыў. Ваданосаў.
цёпла,
1. Прысл. да цёплы (у 2, 4 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра цёплае надвор’е, цеплыню ў памяшканні. Цёпла. Свежае паветра напоена водарам начных фіялак. Ігнаценка. У хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль.
3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне цяпла. Мне цёпла ў чужых калашматых штанах і ў прасторнай сухой світцы. Скрыган. // перан. Пра адчуванне душэўнай цеплаты. Успомнілася Аленка. Ад гэтага ўспамінку адразу неяк цёпла і радасна стала Сцёпку. Колас.
цёпленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Памянш.-ласк. да цёплы (у 1–3 знач.).
2. Разм. Толькі што, зусім нядаўна зроблены (напісаны, выдадзены і пад.). — Вось, — працягваў .. [Рымар] перарваную думку, — кніжка. Таксама маладога вучонага. Яшчэ цёпленькая, так сказаць. Арабей. Крыху суцяшала толькі адно — на стале ляжала цёпленькая, толькі што спечаная рэцэнзія. Рылько.
цёплы, ‑ая, ‑ае.
1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.
2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.
3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.
4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.
•••
Цёплае месца гл. месца.
Цёплая кампанія гл. кампанія 1.