цыба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Высокі і тонкі, звычайна даўганогі. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк. Маўр. Конь быў нізкарослы, грывасты, коннік здаваўся залішне цыбаты, і ногі яго як не валачыліся па зямлі. Лупсякоў. Ззаду каля ласіхі мітусілася цыбатае ласянё. Федасеенка. / у перан. ужыв. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч. / у знач. наз. цыба́ты, ‑ага, м.; цыба́тая, ‑ай, ж. Бобрыку спачатку здалося, што цыбаты сам паляцеў старчма. Дуброўскі.

2. Доўгі і тонкі, з падоўжанай часткай ад ступні да калена (пра ногі). Празвалі .. [Шайку] некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве. Лынькоў. [Міхалючок] закруціўся па хаце, як падлетак, заскакаў на сваіх цыбатых нагах. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)