Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыта...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да раслінных або жывёльных клетак, напрыклад: цытагенетыка, цыталогія, цытаплазма, цытахром.

[Ад грэч. kýtos — ёмішча, клетка.]

цытава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цытаваць.

цытава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад цытаваць.

цытава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да цытаваць.

цытава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Прыводзіць адкуль‑н. цытату. Ні адзін артыкул, ні адно даследаванне, прысвечаныя Купалу, не абыходзяцца без таго, каб іх аўтары не цытавалі пісьма Горкага. Бярозкін. [Люда:] — Некаторы час ён [Тульба] дужа любіў цытаваць старажытных грэкаў. Радкевіч.

цытадыягно́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Распазнаванне хваробы спосабам мікраскапічнага даследавання клетачных элементаў тканкі цела.

[Ад грэч. kýtos — ёмішча, клетка і diagnōstikós — здольны распазнаваць.]

цытадэ́ль, ‑і, ж.

1. Гарадская крэпасць. Камуністычная партыя і Савецкі ўрад, Радзіма-маці высока ацанілі стойкасць абаронцаў Брэсцкай цытадэлі, прысвоіўшы ёй ганаровае званне «Крэпасць-герой». «Помнікі». // Пра крэпасць наогул. Быў час, Калісьці ў суседзяў, ды і ў нас, Усюды будавалі цытадэлі. Корбан. На беразе Рыёна — спавітыя дзікім вінаградам руіны старажытнай турэцкай цытадэлі. Самуйлёнак.

2. перан. Цвярдыня, апора чаго‑н. Лес партызанам — надзейная зброя, Пушча — магутная іх цытадэль. Глебка.

3. перан. Астрог, турма. [Леановіч:] — У ваенны час за такую справу, якой мы хочам заняцца, пагражае цытадэль. Караткевіч.

[Ад іт. citadella — гарадок.]

цыталагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыталогіі. Цыталагічныя даследаванні.

цыталізі́н, ‑у, м.

Рэчыва, якое ўтвараецца ў крыві пры ўвядзенні ў арганізм чужародных клетак.

[Ад грэч. kýtos — ёмішча, клетка і lýsis — разбурэнне, растварэнне.]

цытало́гія, ‑і, ж.

Навука пра ўзнікненне, будову, развіццё і жыццядзейнасць клетак.

[Ад грэч. kýtos — ёмішча, клетка і logos — вучэнне.]