Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыка́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Хобатнае скачучае насякомае, падатрада цыкадавых атрада прамакрылых, самцы якога ўтвараюць характэрнае стракатанне. Паціху шапацела пшаніца, задумліва наперабой гаманілі цыкады. Лупсякоў.

[Лац. cicada.]

цыка́давыя, ‑ых.

Падатрад насякомых атрада прамакрылых.

цы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. на каго. Спыняць каго‑н. вокрыкам «цыц», «ц-с-с», прыкрыкваць, забараняючы рабіць што‑н. — Ціха ты! Дзяцей перапужаеш! — цыкае на.. [Алеся] Варвара. Васілевіч. Нават калі бабка часам патурала ўнуччыным капрызам, [дзед] цыкаў на яе як за вялікую і вельмі важную правінку. Сабаленка.

2. Пляваць, сплёўваць праз зубы. [Клемусь] курыў звыклыя камсамольскія «пушкі» і цыкаў слінаю праз зубы ў качаргі. Чорны. Курцы смалілі махорку і цыкалі слінай пасярод хаты. Гарэцкі.

цыкл, ‑а, м.

1. Заканамернае, рэгулярнае кола якіх‑н. з’яў, дзеянняў, працэсаў. Вытворчы цыкл. Цыкл развіцця лічынкі. □ Увесь цыкл работы экскаватара складаецца з многіх аперацый. «ЛіМ».

2. Шэраг, паслядоўны рад чаго‑н. Цыкл лекцый. □ Сатырычную спадчыну Беднага складае .. вялікі цыкл антырэлігійных вершаў і вершаў на міжнародныя тэмы. «Полымя».

3. Сукупнасць навук, дысцыплін, аб’яднаных па якому‑н. агульнаму прынцыпу. Гістарычны цыкл. □ Дапамагчы студэнтам выпрацаваць матэрыялістычны светапогляд павінны ў першую чаргу кафедры сацыяльна-эканамічнага цыкла. «Звязда».

[Ад грэч. kýklos — круг.]

цыкла...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову «цыклічны», напрыклад: цыклаграфія, цыклатрон.

цыклабута́н, ‑у, м.

Бясколерны, са слабым пахам газ.

цыклава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цыклаваць.

цыклава́цца, ‑луецца; незак.

Зал. да цыклаваць.

цыклава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., што.

Працаваць па цыклічнаму метаду.

цыклавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да цыкла (у 1, 2 знач.). Цыклавы курс лекцый. Цыклавая работа.