цырава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны, служыць для цыравання. Цыравальная іголка.
цырава́льшчык, ‑а, м.
Чалавек, які займаецца цыраваннем; майстар па цыраванню.
цырава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цыраваць.
цырава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад цыраваць.
2. у знач. прым. Залатаны цыраваннем. Цыраваныя панчохі.
цырава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да цыраваць.
цырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што і без дап.
1. Зашываць дзірку ў якой‑н. тканіне, вырабе, не сцягваючы краі ў рубец, а пераплятаючы ніткі тым або іншым спосабам. [Маці] падняла Алесевы шкарпэткі з падлогі і .. пачала іх цыраваць. Броўка. Колькі год рукі зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. / у перан. ужыв. У смутку Марыля штоноч цыравала Нядоляй працёртыя дні. А. Александровіч.
2. Рамантаваць сетку (у 1 знач.), звязваючы разарваныя канцы.
цыра́та, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.
Тканіна, накрытая з аднаго боку ці з абодвух бакоў асобым саставам, які робіць яе непрамакальнай. Стол быў засланы цыратай, чатыры крэслы стаялі навокал стала. Чорны. На століках у [машынным] бюро стаялі чатыры пішучыя машынкі. Усе яны былі пакрытыя чахламі з чорнай цыраты. Машара.
цыра́тавы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і цыратовы. У цыратавым фартуху, Маргарыта першая выскачыла з кухні і пабегла ў пярэднюю. Скрыган. [Песенька] выклікала ў памяці дзіцячыя тварыкі, цыратавыя нагруднікі. Лынькоў. [Янук] здымае сваю шапку, .. адкладвае цыратавую падшыўку і дастае адтуль .. лісток паперы. Кулакоўскі.