Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цынанда́лі,

Сорт вінаграднага грузінскага віна. Не піць цынандалі з турынага рога, — Чарнець ім [ворагам] касцямі на голым каменні. Броўка.

цынга́, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

Хвароба, выкліканая доўгай нястачай вітаміну C у арганізме; выражаецца ў агульнай слабасці, кроватачывасці дзяснаў і пад. Людзі пакутавалі ад цынгі, ліхаманкі. Кухараў.

цынго́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цынгі; звязаны з захворваннем цынгой. Цынготнае захворванне. Цынготныя дзясны.

2. Хворы на цынгу. Цынготны хворы.

цынера́рыя, ‑і, ж.

Дэкаратыўная травяністая расліна сямейства складанакветных з серабрыста-шэрымі апушанымі лістамі.

[Ад лац. cinerarius — папялісты.]

цыні́зм, ‑у, м.

Пагардлівыя адносіны да агульнапрынятых правіл маралі; бессаромнасць, нахабства.

[Грэч. kynismós.]

цы́нік, ‑а, м.

Цынічны чалавек. [Іван:] — Ну і цынік жа ты, Валька. Пра дзяўчат гаворыш, нібыта чаравікі купляеш — хоць дзесяць пар мерай, а браць неабавязкова. Грахоўскі.

[Ад грэч. kyon — сабака.]

цыні́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цынічнага. Цынічнасць учынку. □ Гогаль разам з тым бачыць цынічнасць куплі і продажу ў шлюбных адносінах у камедыі «Жаніцьба». «Полымя».

цыні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які праяўляе цынізм, бессаромнасць. Знешне грубаваты і цынічны, Славік быў уражлівы. Шамякін.

2. Поўны цынізму, бессаромнасці. Цынічная абраза. □ [Галіна:] — О, як я ўзлавалася на цябе! Мне ўсё ўспаміналася тая жанчына, нават не жанчына, а ліст яе да цябе — нахабны, цынічны, — ад чаго мне яшчэ горш балела, бо я бачыла, якая гразь прыліпае да цябе... Скрыган.

цы́нія, ‑і, ж.

Травяністая дэкаратыўная расліна сямейства складанакветных з буйнымі яркімі кветкамі. Не цвітуць тут цыніі і флоксы, Цяжка шыны пыл гарачы мнуць. Панчанка.

[Ад уласн. імя.]

цынк, ‑у, м.

Хімічны элемент, коўкі метал сінявата-белага колеру.

[Ням. Zink.]