цывілізава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць цывілізаванага. Цывілізаванасць грамадства.
цывілізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад цывілізаваць.
2. у знач. прым. Далучаны да цывілізацыі; які адказвае патрабаванням цывілізацыі; культурны, адукаваны. Цывілізаваныя народы. □ 10 лютага 1937 года ўвесь цывілізаваны свет адзначаў 100‑годдзе з дня смерці Пушкіна. У. Калеснік. [Жонка:] — Усяму цывілізаванаму свету вядома, што маленькая кропля нікаціну забівае нават каня. Паслядовіч.
цывілізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.
Стаць (станавіцца) цывілізаваным.
цывілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
Зрабіць (рабіць) цывілізаваным; далучыць (далучаць) да цывілізацыі. Цывілізаваць адсталыя плямёны.
цывіліза́тар, ‑а, м.
Звычайна іран. Носьбіт культуры, цывілізацыі. Заўжды крычыць каланізатар, Што ён цывілізатар. Корбан.
цывіліза́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Звычайна іран. Які мае адносіны да цывілізатара, цывілізатараў. Каланізатарам было выгадна аб’явіць афрыканцаў «варварамі», каб абгрунтаваць сваю «цывілізатарскую» місію. «ЛіМ».
цывіліза́цыя, ‑і, ж.
1. Узровень грамадскага развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры, дасягнуты якой‑н. грамадскай фармацыяй. Антычная цывілізацыя. Сучасная цывілізацыя. □ [Касовіч] хацеў адшукаць вытокі элінскай цывілізацыі. «Маладосць».
2. Культура, прагрэс, асвета. Кожны чацвёрты жыхар .. [Беларусі] заплаціў сваім жыццём за нашу перамогу [у Вялікай Айчыннай вайне], за выратаванне цывілізацыі. Бугаёў.
3. Спец. Ступень грамадскага развіцця, наступная пасля варварства.
[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]
цывілі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спец. Спецыяліст па грамадзянскаму праву, цывілістыцы.
цывілі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да цывіліст.
цывілі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
У юрыдычнай літаратуры — грамадзянскае права; навука грамадзянскай права.