Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.

2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.

3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.

4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.

5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.

•••

Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).

Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца ​1.

Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.

сы́наў, ‑ава.

Які належыць сыну (у 1 знач.), уласцівы яму. Сынаў абавязак. □ У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся. Якімовіч. На сынавым твары нічога не заўважыў .. [Гушка] новага. Чорны.

сы́нку,

Разм. Ласкавы зварот да мужчыны, хлопчыка. — Сынку, — сказаў стары камандзіру, — спрытны ты хлопец. Брыль. [Бацька:] — Восенню, сынку, пойдзеш І ты ўжо вучыцца ў школу. Аўрамчык.

сы́нні, ‑яя, ‑яе.

Абл. Сынаў. [Стары майстар:] — Быў я нядаўна ў адным доме, у сынняй кватэры. Кулакоўскі. Мо стаяць яна [доля] будзе на лініі Ўся ў правадах, Тэлеграмы бацькоўскія, сыннія Несці ў прасцяг? Куляшоў.

сыно́к, ‑нка, м.

1. Памянш.-ласк. да сын (у 1 знач.). Прыйшла ў каморку, а з калыскі сынок ёй [Марыне] голас падае. Колас. Знаю я: сынок мой скончыць школу, Толькі б быў на свеце мірны час. Смагаровіч.

2. Зніж. да сын (у 1, 4 знач.). [Сегень:] — А я ж думаў, што сынок гэты .. [Нахлябіча] немаведама куды адгэтуль выкруціўся. Чорны. Бацькі .. [Лаўрука] доўга адстойвалі ў кухні, пакуль сынок з’явіўся к ім. Бядуля.

3. Ласкавы зварот старога або дарослага чалавека да маладога чалавека, юнака, хлопчыка. — Сынкі мае вы! — урачыста звярнуўся дзед наш да гасцей. Колас.

•••

Мамчын сынок — а) сын, вельмі падобны на маці; б) (іран.) збалаваны, распешчаны хлапчук, малады чалавек.

сыно́ўні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Тое, што і сыноўскі. — Я заўсёды любіў свой народ, зямлю бацькоў сваіх, — сказаў .. [Гогіберыдзе] .. — І не вельмі паважаю тых, хто ставіцца абыякава да сваіх сыноўніх абавязкаў. Самуйлёнак. Яўхім паслухмяна замаўчаў, паказваючы сыноўнюю пакору. Мележ.

сыно́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сына (у 1, 2 і 5 знач.); уласцівы сыну. Сэрцу мілае Прыдняпроўе — Дрымучыя пушчы, гаі. Сыноўскай сагрэта любоўю Тут кожная грудка зямлі. Матэвушаў.

сыно́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да сын (у 1 знач.); сынок.