сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.
1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.
2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.
3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.
4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.
5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.
•••
Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).
Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца 1.
Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.