сык, ‑у, м.
Разм. Тое, што і сыканне. Жабы, яшчаркі і гады — Усе жыццю без меры рады — Паднялі страшэнны сык, Выстаўляючы язык. Крапіва. Веставы сваім сыкам збіў [Лукашыка] з тропу. Дамашэвіч.
сы́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. За адным, другім, трэцім махам каса як бы асвойталася з травою, з рукамі касца і ўжо не паказвала з травы носіка, а смачна, нават з нейкім сыканнем, уядалася ў гэтую падсаду і валіла роўны і прыгожы рад. Сабаленка.
сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.
2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.
3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.
сы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да сыкаць.