Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сып, ‑у, м.

1. Дробныя плямкі, прышчыкі на скуры і слізістых абалонках, якія з’яўляюцца ад некаторых знешніх уздзеянняў (холад, перагрэў і пад.) і ўнутраных прычын (некаторыя інфекцыйныя хваробы, парушэнне абмену рэчываў і пад.). Дзіцятка ж полымем гарэла, Па целу сып злаякасны пайшоў. Корбан. // Разм. Захворванне, пры якім з’яўляюцца прышчыкі, плямкі.

2. Разм. У тэхніцы — невялікая шурпатасць на паверхні металу пры пашкоджанні яго ржой.

3. Разм. У друкарскай справе — рассыпаны шрыфт з пераблытанымі літарамі.

сыпану́цца, ‑нецца; зак. і аднакр.

Разм. Тое, што і сыпнуцца. Драбнюткае лісце, як жоўты дождж, сыпанулася з дрэва. Чорны.

сыпану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да сыпаць..

2. Разм. Паліцца (пра слёзы). Але раптам слёзы сыпанулі з .. вачэй [Талькі] і голас задрыжаў, напоўніўся плачам. Марціновіч.

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

сы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што і сып (у 1 знач.).

сы́пкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сыпкага. Сыпкасць, глебы.

сы́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.

2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.

сыпнатыфо́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сыпнога тыфу. Сыпнатыфозны вірус. // Які перадае сыпны тыф. Сыпнатыфозная вош.

2. Хворы на сыпны тыф. Сыпнатыфозны хворы. / у знач. наз. сыпнатыфо́зны, ‑ага, м.; сыпнатыфо́зная, ‑ай, ж. // Прызначаны для хворых на сыпны тыф. Сыпнатыфозная палата.

сы́пнуцца, ‑нецца; зак.

Аднакр. да сыпацца.