сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.
2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.
3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)