Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разлы́гвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разлыгацца.

2. Зал. да разлыгваць.

разлы́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разлыгаць.

разлюбі́ць, ‑люблю, ‑любіш, ‑любіць; зак., каго-што.

Пакінуць, перастаць любіць каго‑, што‑н. [Маці:] — Ты .. [Тальку] не любіш, сынок? — Разлюбіў, — буркнуў Вова. Марціновіч. А мы, ірвануўшыся ў космас, Сваёй не разлюбім зямлі. Панчанка.

разлю́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разлюбіць.

разлютава́насць, ‑і, ж.

Стан і ўласцівасць разлютаванага. Немцы, убачыўшы, што ім не захапіць партызан жывымі, з разлютаванасцю павялі наступленне. Шчарбатаў.

разлютава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлютаваць.

2. Які прыйшоў у лютасць, злосны, раз’юшаны. Карла ўжо справіўся злезці з каня, узысці на паром, агледзець кожную шчыліну і, нікога не ўбачыўшы, зноў узлез на каня і праскочыў каля .. [сялян] страшным разлютаваным д’яблам. Зарэцкі. Разлютаваны Лявон як крутнуўся, дык тры Алішэўцы разляцеліся, што тыя трэскі. Сабаленка. // Які вырашае лютасць, злосць. А цешча, седзячы каля .. [Глашы], падцяўшы губы, зняважліва свідравала зяця разлютаваным позіркам. Гроднеў.

разлютава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Прыйсці ў лютасць; дайсці да крайняй ступені жорсткасці; раз’юшыцца. Мачыха гэтак разлютавалася, што нават думаць нельга было, каб папрасіць у яе чаго-кольвек на тую складчыну. Сабаленка. Бык аказаўся прыпёртым галавой да сцяны. Але ад гэтага ён разлютаваўся яшчэ больш. Паўлаў. / у перан. ужыв. У давяршэнне да ўсяго з вечара разлютавалася завіруха. Мележ.

разлютава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.

Прывесці ў лютасць. Дзеці разлютавалі сабаку. □ [Зелянюк:] — Ты, Карызна, гаворыш не таму, што ўпэўнены ў гэтым.. — Гэтыя словы.. разлютавалі Карызну. Зарэцкі.

разляга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца;

1. Незак. да разлегчыся.

2. Поўніцца звонкімі, пералівістымі гукамі. Раннімі вёснамі сюды прыходзілі дзяўчаты па шчаўе, а ў святочныя дні збіралася моладзь, і Гарадок разлягаўся ад песень і тупату. Ракітны. Было весялосці, музыкі ў Банькоўскіх — аж разлягаліся Вязавічы. Калюга.

разляжа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм. Праляжаць вельмі доўга; праляжаўшы доўгі час, захацець ляжаць яшчэ даўжэй.