Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».

2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.

3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.

разлучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Прымусіць расстацца (блізкіх, сяброў). На другі дзень на рабоце іх разлучылі — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат. Мікуліч. // Прымусіць пакінуць што‑н. дарагое, блізкае. Не дзівіцеся з Пракопа, што ён гэтак рад за сваю прафесію, з якой яго, як яму нешта здалося, хацелі разлучыць. Ермаловіч. // Прымусіць парваць шлюб, адносіны кахання, разысціся. [Рыгор:] — Цяпер між мной і Цыляй паўстала тайна, якая ледзьве не разлучыла нас назаўсёды. Асіпенка.

2. Раздзяліць, аддзяліць што‑н. ад чаго‑н. Разлучыць канцы правадоў. □ [Бадзюля:] — Алё, алё! Раён... Разлучылі, мілая... Пташнікаў.

разлучэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлучаць — разлучыць і разлучацца — разлучыцца.

разлу́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разлушчыць.

разлу́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разлушчыць.

разлу́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Раскрыць (абалонку), расцерабіць, каб дастаць семя. Разлушчыць стручок. □ Васіліна сарвала каласок, які здаўся ёй большым за іншыя, разлушчыла яго, углядаючыся ў малочныя зярняткі, і нездаволена пакруціла галавой: — Ну і жыта, не маглі абмяняць на гатунковае. — Хадкевіч.

разлыга́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разлыгаць.

разлыга́цца, ‑аецца; зак.

Вызваліцца ад вяроўкі, якой быў залыганы; развязацца. Конь разлыгаўся.

разлыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Зняць вяроўку з таго, хто быў залыганы. Разлыгаць карову.

разлы́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлыгваць — разлыгаць.