разлучыцца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».

2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.

3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)