Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расстаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да расставіць.

расста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; заг. расстанься; зак.

1. Развітаўшыся, разысціся. На гэтым яны рассталіся, а назаўтра раніцай Вера была ўжо ў Зоі Максімаўны. Пальчэўскі. [Андрэй і Косця] рассталіся, калі першыя агністыя прамені сонца пырснулі з-за небасхілу. Чарнышэвіч. // Разлучыцца з кім‑н. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых, сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. // З’ехаць адкуль‑н. [Энрыка Фермі] З Венецыяй расстаўся і з Неапалем, Пакінуў назаўсёды дзіўны Рым. І. Калеснік.

2. перан. Адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. С. Александровіч. Не, Шайпак не расстанецца з марай сваёй, Будзе станцыі ставіць ён і над вадой!.. Куляшоў.

расстраля́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расстраляць.

расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.

2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.

3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.

4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.

расстро́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расстроіць.

2. у знач. прым. У якога парушаны музычны строй, лад. Расстроены раяль.

3. у знач. прым. Выведзены чым‑н. з добрага настрою; засмучаны. Вера Антонаўка пасля размовы з мужам выйшла да Юркі расстроеная і заплаканая. Карпаў. // Які суправаджае расстройства (у 5 знач.), засмучанасць. — Гэта ўсё вы нарабілі! — разгневаным і расстроеным голасам упікнула Раечка салдата. Лобан. Нават яснага вобраза Аўгіньчынага не мог .. [Віктар] адрадзіць у сваім расстроеным уяўленні. Зарэцкі.

расстро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Страціць правільнасць пастраення, стаць беспарадкавым. Калона ў момант ажывілася, расстроілася. Сачанка. Рады адразу расстроіліся, і стракаты натоўп завіраваў на платформе. Карпаў.

2. Страціць свой строй, лад (пра музычныя інструменты). Піяніна расстроілася.

3. Парушыцца, перарвацца ў сваім ходзе, працэсе. Гутарка расстроілася. Сувязь расстроілася. // Не збыцца ў выніку якіх‑н. акалічнасцей. План расстроіўся. Вяселле расстроілася.

4. Прыйсці ў заняпад. Гаспадарка расстроілася.

5. Прыйсці ў ненармальны, хваравіты стан. Здароўе расстроілася.

6. Прыйсці ў дрэнны настрой, засмуціцца. Святлана так расстроілася, што нават не запытала, якая гэта работа. Шахавец.

расстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.

1. Парушыць строй, парадак чаго‑н. Расстроіць рады праціўніка. // Вывесці са стану раўнавагі, гатоўнасці. — Класавы вораг выкарыстоўвае любыя метады, каб расстроіць шчыльныя шэрагі бальшавіцкай моладзі. Мележ.

2. Парушыць строй, лад (музычнага інструмента). Расстроіць піяніна.

3. Перашкодзіць ажыццяўленню чаго‑н.; разладзіць. Расстроіць бяседу. Расстроіць вяселле. Расстроіць планы.

4. Прычыніць вялікую шкоду, прывесці ў заняпад. Расстроіць гаспадарку.

5. Давесці да ненармальнага стану, хваробы. Расстроіць страваванне.

6. Пазбавіць добрага настрою, засмуціць. Расстроіць непрыемнай весткай. □ — Ну, вядома, і яна плача. Адну парадаваў, другую расстроіў. Шынклер.

расстро́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да расстроіцца.

2. Зал. да расстройваць.

расстро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да расстроіць.

расстро́йства, ‑а, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расстройваць — расстроіць і расстройвацца — расстроіцца.

2. Замяшанне, разгубленасць. Калона прыйшла ў расстройства.

3. Няспраўны, заняпалы стан (у эканоміцы, гаспадарцы і пад.); беспарадак. Расстройства ў фінансавых справах. // Разлад, нелады паміж кім‑н. Сямейнае расстройства.

4. Захворванне, выкліканае парушэннем дзейнасці якіх‑н. органаў, сістэмы. Расстройства страўніка. Расстройства нервовай сістэмы.

5. Благі настрой, парушэнне душэўнай раўнавагі.