расста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; заг. расстанься; зак.

1. Развітаўшыся, разысціся. На гэтым яны рассталіся, а назаўтра раніцай Вера была ўжо ў Зоі Максімаўны. Пальчэўскі. [Андрэй і Косця] рассталіся, калі першыя агністыя прамені сонца пырснулі з-за небасхілу. Чарнышэвіч. // Разлучыцца з кім‑н. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых, сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. // З’ехаць адкуль‑н. [Энрыка Фермі] З Венецыяй расстаўся і з Неапалем, Пакінуў назаўсёды дзіўны Рым. І. Калеснік.

2. перан. Адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. С. Александровіч. Не, Шайпак не расстанецца з марай сваёй, Будзе станцыі ставіць ён і над вадой!.. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)