Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расстава́цца, ‑стаюся, ‑стаешся, ‑стаецца; ‑стаёмся, ‑стаяцеся.

Незак. да расстацца.

расста́віцца, ‑віцца; ‑вімся, ‑віцеся, ‑вяцца; зак.

Разм. Стаўшы, размясціцца ў пэўным парадку (пра ўсіх, многіх).

расста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць, размясціць якім‑н. чынам, парадкам. Расставіць мэблю. Расставіць шахматныя фігуры. □ Няня бясшумна расставіла талеркі і бадзёрым голасам звярнулася да .. [хворага]. Васілевіч. Мікола з Казанскім прагледзяць кінаплёнку, каб ведаць, у якім парадку расставіць канцэртныя нумары... Гаўрылкін. // Размеркаваць для выканання якіх‑н. абавязкаў па службе, па рабоце. Расставіць вартавых. Правільна расставіць сілы.

2. Паставіць так, каб павялічылася адлегласць паміж чым‑н. — Заслона. — расцяжна закрычаў няпрошаны артыст і на ўсю шырыню расставіў ногі і развёў рукі. Кулакоўскі.

3. Рассунуўшы, устанавіць для выкарыстання што‑н. раскладное, рассоўнае. Расставіць мальберт. Расставіць сетку.

расстагна́цца, ‑стагнуся, ‑стогнешся, ‑стогнецца; зак.

Разм. Пачаць моцна і доўга стагнаць.

расста́йны, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Які мае адносіны да расстання; звязаны з расставаннем. Клічуць мяне ля расстайных дарог Сосны, якіх я ад куль не збярог. Танк. Журавы на поўдзень адлятаюць Воблакам расстайнае журбы. Прануза.

расста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расстацца.

расстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставіць.

2. Р мн. ‑новак. Парадак, паслядоўнасць у размяшчэнні чаго‑н. Расстаноўка знакаў прыпынку. □ Самой расстаноўкай вершаў у нізцы Багдановіч нібы паказвае гісторыю ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Лойка.

3. Р мн. ‑новак. Кароткія перапынкі пры размове, пры выкананні чаго‑н. Хабібулін узняў на нас нейкія чужыя вочы і, адвёўшы погляд, з расстаноўкай прагаварыў: — Няма Цімчанкі. Згарэў... Даніленка.

расстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Вельмі стараючыся, раздабыць, набыць што‑н. За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся. Колас. [Толя] спадзяваўся даведацца што-небудзь пра жыхароў са спаленых дамоў і расстарацца хоць кавалак хлеба. Якімовіч.

расста́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расставіць.

расстаўля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся; незак.

1. Незак. да расставіцца.

2. Зал. да расстаўляць.