разлі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разлічыцца.
2. Несці адказнасць за каго‑, што‑н. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч. За гэты свой і свайго начальства промах Арцём Іванавіч сам разлічваецца. Мележ.
3. Зал. да разлічваць.
разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да разлічыць.
2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.
разлічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.
1. Цалкам расплаціцца з кім‑н. (за работу, за тавар і пад.). Разлічыцца з афіцыянтам. □ [Заранік], устаўшы з-за стала, падзякаваў і памкнуўся быў разлічыцца за начлег, але цётка Марта так энергічна накінулася на яго, што ён выхапіў, нібы апараную, руку з кішэні, куды палез па грошы. Хадкевіч. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н.; звесці рахункі з кім‑н. Калі здаралася, што хто-небудзь крыўдзіў Толіка, ці яго кацянё, Алёша, як віхор, налятаў на віноўніка, гатовы з ім сурова разлічыцца. Васілевіч. // перан. Адмовіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Разлічыцца з ілюзіямі.
2. Разм. Звольніцца, узяць разлік. Разлічыцца на рабоце. □ — Вунь, стрыечны брат твайго мужа, бадай, як і ты, гадоў дзесяць пражыў у Мінску, а цяпер разлічыўся на заводзе і з усёй сям’ёй прыехаў сюды. М. Ткачоў.
3. Зрабіць разлік у страі. Капітан Ігнатаў загадаў разлічыцца па парадку. Алешка. — На першы-другі разлічыцца!.. Здвоіць рады! Куляшоў.
разлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што і з дадан. сказам.
1. Правёўшы падлік, вылічэнне, вызначыць размер, колькасць чаго‑н. Разлічыць кошт будаўніцтва. Разлічыць выдаткі. □ [Сініцкі:] — Як мага больш сеяць раілі партызаны, бо ў той час вельмі цяжка было разлічыць, колькі і як удасца пасеяць наступнай вясной. Залескі. // Зрабіць тэхнічны або матэматычны разлік чаго‑н. Разлічыць канструкцыю. □ «Набат» нечакана зноў пачаў адхіляцца ўбок ад той крывой, якую разлічылі электронныя машыны. Шыцік. // на каго-што (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Прызначыць, зрабіць прыгодным, годным для каго‑, чаго‑н. Кніга разлічана на спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Стадыён разлічаны на тры тысячы месц. □ Усё тыя ж густыя акацыі [у Пінску], нібы ў Адэсе.. Той жа трывалы і гладкі тарцовы брук, разлічаны на доўгія гады. В. Вольскі.
2. і без дап. Прадугледзець усё неабходнае для дасягнення жаданага выніку. Аднак жа .. [Мішурын] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны. // Прыйсці да вываду, вызначыць, рашыць. Петрык разлічыў правільна. Як толькі ён скончыў чытаць, усе загаманілі: — Вось які бацька ў Петрыка. Жычка.
3. Выдаць зарплату. Калгаснікаў разлічылі за летнія месяцы. // Выдаўшы запрацаваныя грошы, звольніць. [Артур:] — Мяне разлічылі з завода ў Рызе хутка пасля твайго арышту. Гартны.
4. Правесці разлік у страі.
5. на што, для чаго (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Зрабіць што‑н. для таго, каб выклікаць пэўную рэакцыю, вынікі. Кожны .. рух [Стэфкі], кожны смяшок, кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля.
разло́г, ‑у, м.
Абшар; адкрытая прастора. Бліскучым срэбрам выбіваліся рэчкі ў нізкіх берагах, раскрываліся шырокія разлогі балотных нізін, заросшых дзікаю травою, аерам і чаротам. Колас. Хутка абсыхалі пясчаныя разлогі паўз Прыпяць. Мележ. А там жа, на тых высокіх разлогах, сеяць ужо можна. Бялевіч.
разло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.
Разм. Тое, што і разлог. Адным крылом звярынец гэты Сюды выходзіў на дарогу. Займаў ён цэлую разлогу: І лес, і луг, і часць крыніцы. Колас.
разло́гі, ‑ая, ‑ае.
Шырокі, пакаты. На ўзбярэжжах, на разлогіх, чараты — куды ні глянь. Машара. Сэрца апалена болем, гатова даўно Выйсці насустрач вятрам на палетках разлогіх. Тарас. // Раскідзісты, разложысты. Разлогі дуб. □ Вось вялізны конь, запрэжаны ў разлогія санкі, паволі плыве па небе. Стаховіч.
разло́жаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разлажыць 1.
разло́жаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разлажыць 2.
разло́жны, ‑ая, ‑ае.
З разложыстай кронай. Паміж ліп разложных Прытуліўся дом убога. Колас.
разло́жысты, ‑ая, ‑ае.
1. Развесісты, раскідзісты, шырокі (пра дрэва, крону, галіны і пад.). А колькі самабытнага хараства ў гэтых адзінокіх разложыстых дубах, раскіданых па краях лесу, і гэтых пышна-купчастых хвоях у полі. Колас. З-пад цяжкіх, разложыстых шатаў струменіць духмянае і чыстае, як крынічная вада, паветра. Гамолка. Ад шляху пайшла бярозавая алея і ўперлася ў разложысты сад. Пестрак. // Які пашыраецца, расходзіцца кверху; развілісты. Буйвалы, важна несучы разложыстыя рогі, павольна цягнулі скрыпучую арбу. Самуйлёнак. Сям-там выглядалі з-пад .. [лістоў] запозненыя, разложыстыя кветкі белых лілей. Арочка.
2. Шырокі, пакаты; адкрыты, роўны. Добры луг там быў, трава расла, як чарот. Месца ўдалае, роўнае, разложыстае. Скрыган. І толькі ўздоўж рэчкі Пітамкі ляжалі разложыстыя паплавы. Асіпенка.
3. Які далёка чуецца, адбіваючыся рэхам. Магутны разложысты выбух скалануў вагон. Паслядовіч. Неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак і расколвалі разложыстыя ўдары грому. Мележ.