разлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Правёўшы падлік, вылічэнне, вызначыць размер, колькасць чаго‑н. Разлічыць кошт будаўніцтва. Разлічыць выдаткі. □ [Сініцкі:] — Як мага больш сеяць раілі партызаны, бо ў той час вельмі цяжка было разлічыць, колькі і як удасца пасеяць наступнай вясной. Залескі. // Зрабіць тэхнічны або матэматычны разлік чаго‑н. Разлічыць канструкцыю. □ «Набат» нечакана зноў пачаў адхіляцца ўбок ад той крывой, якую разлічылі электронныя машыны. Шыцік. // на каго-што (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Прызначыць, зрабіць прыгодным, годным для каго‑, чаго‑н. Кніга разлічана на спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Стадыён разлічаны на тры тысячы месц. □ Усё тыя ж густыя акацыі [у Пінску], нібы ў Адэсе.. Той жа трывалы і гладкі тарцовы брук, разлічаны на доўгія гады. В. Вольскі.

2. і без дап. Прадугледзець усё неабходнае для дасягнення жаданага выніку. Аднак жа .. [Мішурын] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны. // Прыйсці да вываду, вызначыць, рашыць. Петрык разлічыў правільна. Як толькі ён скончыў чытаць, усе загаманілі: — Вось які бацька ў Петрыка. Жычка.

3. Выдаць зарплату. Калгаснікаў разлічылі за летнія месяцы. // Выдаўшы запрацаваныя грошы, звольніць. [Артур:] — Мяне разлічылі з завода ў Рызе хутка пасля твайго арышту. Гартны.

4. Правесці разлік у страі.

5. на што, для чаго (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Зрабіць што‑н. для таго, каб выклікаць пэўную рэакцыю, вынікі. Кожны .. рух [Стэфкі], кожны смяшок, кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)